Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: В составе ВКЛ и РП

Кобрынскiя князi

Кобрынскія — старадаўні княжацкі род у ВКЛ. У 1366 г. польскі кароль Казімір III Вялікі адрокся ад падляшскіх гарадоў, а пра Кобрын напісаў, што ён з паветам належыць вялікаму князю ВКЛ Альгерду. Ад апошняга горад перайшоў да яго сына Любарта. У 1386 г. Ягайла перадаў яму Ратна і Ветлы, якія адабраў у Фёдара Любартавіча. У 1387 г. Польшча зноў захапіла Галіцкую зямлю, якую тады ж адабрала ў яе Венгрыя. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі і некаторыя валынскія князі, у т.л. і Фёдар Ратненскі, які са сваёй дружынай рушыў да Галіча і выступіў супраць венгерскіх феадалаў.

Князь Фёдар пакінуў трох сыноў: Сангушку — родапачынальніка князёў Сангушкаў (яму перайшлі Ратна і Ветлы), Юрыя (Гурку) Краснічынскага — род Гуркаў, і Рамана — родапачынальніка князёў Кобрынскіх.

Першы раз Раман Фёдаравіч упамінаецца ў 1387 г., калі ручаўся каралю Уладзіславу II Ягайлу за Алехну Дзмітрыевіча. Паводле прынятага пры каралю звычаю з часу яго шлюбу з Ядвігай, у іх палацавым жыцці ўдзельнічаў князь Раман разам з іншымі літоўскімі князямі. Ён жа ўзначальваў новагародцаў у 1393 г. пад час іх паходаў на ўладанні маскоўскага князя, а ў 1394 г. — на Пскоў. У тым жа годзе ў каралеўскіх скарбовых рэестрах запісаны выдатак «за латы, накаленнікі, шлем і г.д. для князя Рамана». У 1404 г. вялікі князь Вітаўт пацвердзіў правы Рамана на дзедзічнае ўладанне Кобрынам, Грушавам, Несухожам і Міланавічамі. У 1411–1417 гг. Раман быў пры двары караля. Відаць, пасля гзтага памёр, ён больш нідзе не ўпамінаецца.

Пасля смерці Рамана Кобрын атрымаў у спадчыну яго сын Сямён Раманавіч — шчыры прыхільнік вялікага князя Свідрыгайлы ў вайне з Ягайлам. Калі ў 1431 г. кароль пайшоў на Луцк, дзе знаходзіўся Свідрыгайла, Сямён Раманавіч першы закрыў шлях Ягайлу. Паводле сведчання польскага гісторыка XV ст. Я. Длугаша, каралеўскі ваявода Грыцько Кірдзіевіч у час сечы з князем Сямёнам разбіў ушчэнт яго атрад, а самога князя «трупам палажыў». Але апошняе не адпавядае рэчаіснасці, бо Сямён Раманавіч, як вынікае з пісьмовых крыніц, жыў да 1460 г. Існуюць 2 акты, якія належаць гэтаму князю: «Аб падараванні баярыну Даніле вёскі Прышыхвосты» і «Аб забеспячэнні вена княгіні Ульяны назначэннем ёй 2000 коп грошаў асобным запісам (1454) на вотчынах князя Кобрыне, Чаравачыцах і Грушаве». Такім чынам Ульяне вярнулася падвоенай тая 1 тыс. коп грошаў, што прынесла жонка пасагу ад сваіх братоў. Сведкамі таго запісу былі дзядзька Сямёна, князь Сангушка Фёдаравіч, і стрыечны брат, князь Аляксандр Сангушка.

Княгіня Ульяна была дачкой Сямёна Гальшанскага, які пры вялікім князю ВКЛ Вітаўце займаў пасаду намесніка ў Ноўгарадзе. Болын таго, яна была пляменніцай трэцяй жонкі Вітаўта, Ульяны Іванаўны Галынанскай, і стрыечнай сястрой трэцяй жонкі Ягайлы, Соф'і Андрэеўны Галынанскай. Ульяна намнога перажыла свайго мужа Сямёна Раманавіча і сына Івана.

Пасля смерці сына і паўторнага шлюбу яго ўдавы, бачачы, што жыццё старэйшай дачкі Марыі Сямёнаўны забяспечанае, Ульяна запісала на другую дачку Ганну свае 1 тыс. коп грошаў з Грушава і Чаравачыцаў. Але ў хуткім часе яна разгневалася на Ганну за яе паўторны шлюб з Вацлавам (Венцлавам) Касцевічам і хацела той запіс ануляваць. Вялікі князь ВКЛ Аляксандр пастанавіў, каб Грушава і Чаравачыцы былі падзелены на 3 часткі, дзве з якіх належаць княгіне Ульяне, а трэцяя — пані Ганне. Княгіня Ульяна Сямёнаўна Кобрынская памерла каля 1500 г., пасля чаго Аляксандр прысудзіў Грушава і Чаравачыцы Ганне Сямёнаўне. Існаванне Марыі Сямёнаўны пацверджана ў актах, але звестак пра яе захавалася няшмат. Вядома, што яна была замужам за маскоўскім князем Іванам Васільевічам Красным.

Іван Сямёнавіч стаў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду князёў Кобрынскіх. Ён быў адзіны з гэтага роду, хто не ўдзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ. Вызначыўся князь Іван сваімі фундацыямі на карысць цэркваў.

У 1469 г. ён запісаў на свайго слугу Сенысу Сярговіча, які валодаў царквой Святога Міколы, палову «дворышча Таратопскага». У 1473 г. разам са сваёй жонкай Фядорай, дачкой пана Івана Рагацінскага, фундаваў царкву ў гонар Божага Нараджэння ў Дабучыне (Пружаны).

У 1478 г. яны пацвярджаюць запіс свайго дзеда князя Андрэя Уладзіміравіча, які з жонкай Марыяй адпісаў маёнтак Осава царкве Прачыстай Божай Маці ў Кіеве, а ў наступным годзе пацвярджаюць святару Якубу кіраванне царквой Багародзіцы ў Кобрыне. Іван Сямёнавіч ад імя сваёй жонкі ў 1484 г. судзіўся з князем Сямёнам Іванавічам (Бельскім) за маёнткі яе дзеда князя Андрэя Уладзіміравіча, а таксама за маёнткі Айна, Магільна, Славенск, Лешніца і Палонна. Іх прысудзілі княгіні Фядоры Іванаўне.

На сваю жонку Фядору князь запісаў трэцюю частку ўсёй сваёй маёмасці, а 25 студзеня 1487 г. дадаў яшчэ ў якасці пасагу 2 тыс. дукатаў з дзвюх іншых частак. У той жа дзень княгіня Фядора адпісала яму 2 тыс. злотых з дзвюх частак маёмасці, атрыманай у спадчыну ад дзеда. 27 студзеня муж і жонка павялічылі суму на царкву ў Дабучыне.

Іван Сямёнавіч Кобрынскі памёр бяздзетным каля 1490 г. Выконваючы волю нябожчыка, княгіня Фядора Іванаўна 10 чэрвеня 1491 г. адпісала ўладанне Корчыцы Спаскаму манастыру.

У XV ст. Кобрынскае княства мела 2 цэнтры — Кобрын і Грушава, у якіх уладарылі ад імя князя ваяводы ці намеснікі. Усе кобрынскія князі правілі княствам не толькі «памысліўшы» са сваёй жонкай або сынам, але і «пагадаўшы» са сваімі баярамі і «нашай вернай радай». У некаторых граматах гаворыцца, што пры іх складанні былі «добрыя людзі, баяры нашы кобрынскія і грушаўскія, дваране і мяшчане». Усе яны мелі статус думцаў, радных паноў (радцаў).

Кобрынскія ўладары правілі самастойна ў межах свайго княства, не падпарадкоўваліся велікакняжацкім ураднікам і не падпадалі пад іх юрысдыкцыю.

Пасля сканчэння мужчынскай лініі Кобрын яшчэ некаторы час пераходзіў да нашчадкаў жанчын.

Кароль Аляксандр пакінуў Фядоры Іванаўне права на валоданне Кобрынскім княствам і ў 1491 г. ці 1492 г. выдаў яе за пана Юрыя Паца. Апошні ў 1501 г. адышоў ад удзелу ў грамадскім жыцці ВКЛ і стаў кіраваць маёнткамі жонкі, але хутка памёр (каля 1505–1506). Пані Фядора зноў дамагалася пацвярджэння правоў на Кобрын, для чаго ёй давялося судзіцца з Ганнай Сямёнаўнай. Каля 1507 г. княгіня Фядора перайшла ў каталіцтва і ўзяла імя Соф'я, у наступным годзе ўзяла шлюб з ваяводам віленскім і канцлерам літоўскім Мікалаем Радзівілам. Фядора перажыла і трэцяга мужа (памёр у 1509), памерла ў 1512 г. Яна завяшчала пахаваць сябе ў касцёле ў Ражанцы.

Ганна Сямёнаўна была апошняй, каму Кобрын належаў на дзедзічных правах. Праз яе шлюб з Фёдарам Іванавічам Бельскім павінен быў адбыцца пераход Кобрына ад бяздзетнага Івана Сямёнавіча да князёў Бельскіх. Але ў дзень вяселля ў 1481 г. была выкрыта спроба дзяржаўнага перавароту, у якім быў замешаны і Фёдар Іванавіч. Князь Бельскі ўцёк у Маскву. Адтуль ён настойліва дамагаўся прыезду жонкі. Пра гэта пісаў і маскоўскі князь Іван Васільевіч. Але Ганну не выпусцілі з ВКЛ. Не дачакаўшыся жонкі, Фёдар у 1498 г. ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васільеўнай. Ганна Сямёнаўна са свайго боку выйшла паўторна за пана Вацлава Станіслававіча Касцевіча. Пасля гэтага яна страціла вёску Яршэвічы, атрыманую ад вялікага князя Казіміра IV. Ужо ў 1502 г. Ганна Сямёнаўна запісала на мужа вышэйзгаданую суму з Грушава і Чаравачыцаў.

Пасля смерці Фядоры Іванаўны Касцевічы заявілі свае правы на Кобрын. Валодаючы ім, яны судзіліся з баярынам Ёскам Данілавічам Прышыхвосцкім, які не хацеў ім служыць. 10 лютага 1519 г. кароль Жыгімонт I Стары пацвердзіў кобрынскаму баярыну Некрашу Сямёнавічу Качаноўскаму права на валоданне маёнткам Байкавічы, які ён выслужыў у князя Івана Сямёнавіча. Крыху пазней пасля гэтага запісу памерла княгіня Ганна Сямёнаўна. Адразу пасля яе смерці кароль згодна з абяцаннем 1516 г. перадаў Кобрын маршалку гаспадарскаму Касцевічу на правах арэнды.

Вацлаў Станіслававіч стаў першым старостам кобрынскім.

Ю.А.Барысюк

Комментарии