Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: С любовью к традициям

Новаўвядзенне ці рэтраспектыва?      

У апошні час дзяржава надае пільную ўвагу развіццю аграэкатурызму. Справа гэта далёка не новая. Яе ўжо даўно ўкаранілі і выкарыстоўваюць на сваіх тэрыторыях жыхары краін Захаду. Ды і ў Беларусі, паводле некаторых гістарычных крыніц, пры панскай Польшчы ў мінулым стагоддзі існавалі спецыяльныя сядзібы, гаспадары якіх прымалі шаноўных гасцей.

У сучаснай Беларусі аграэкатурызм разглядаецца дзяржавай, як важная частка нацыянальнай эканомікі, якая прызвана максимальна задзейнічаць калыску культуры - вёску, яе прыродны і чалавечы патэнцыял.

У 2006 годзе Прэзідэнтам РБ быў падпісаны Указ №372 «Аб мерах па развіццю аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь». Суб’ектамі гэтага бізнэсу з’яўляюцца фізічныя асобы, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, вядуць асабістыя падсобныя ці сялянскія (фермерскія) гаспадаркі.

А што на практыцы?

Адным з удзельнікаў рэалізацыі Праграмы па развіццю і падтрымцы аграэкатурызму з’яуляюцца мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. У інтэрв’ю нашай газеце начальнік аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкома Васілій Знахарчук расказаў, што Кобрынскі раён лічыцца перспектыўным у плане стварэння аграсядзіб. Геаграфічнае месцазнаходжанне, перакрыжаванне аўтамагістралей рэспубліканскага і міжнароднага значэння, водных шляхоў, адносна спрыяльнае экалагічнае становішча, багатая гістарычная спадчына і прырода вабяць шматлікіх турыстаў не толькі з суседніх рэгіёнаў, але і з бліжняга ці дальняга замежжа. Па стану на сённяшні дзень на Кобрыншчыне існуе чатыры аб’екты аграэкасядзіб, два з якіх працуюць у поўнай меры - у в. Пескі (сям’я Палікарпук) і в. Андронава (Ніна Главацкая). Так, напрыклад, сям’я Палікарпук паставіла вядзенне свайго бізнэсу на даволі высокі ўзровень. Абслугоўванне турыстаў вядзецца разнапланава. Знаёмства з беларускай культурай, традыцыямі, кухняй і шмат іншага. Арганізоўваюцца па жаданню кліента цікавыя конкурсы, святы, вечары адпачынку, экскурсіі па турыстычных маршрутах Кобрыншчыны, паездкі ў Брэсцкую крэпасць і г.д. Людзі маюць магчымасць выбару, дзе ім жыць - ці ў старажытнай драўлянай беларускай хатцы, ці ў камфартабельным катэджы. Даволі часта ў сядзібу Палікарпукоў прыязджаюць замежныя турысты і пакідаюць у гасцявой кнгзе толькі пазітыўныя пажаданні, падзякі.

У кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Вілія-агра» Васілія Новіка (в. Гірск) агратурызм пакуль толькі развіваецца. Мяркуецца, што акцэнт будзе рабіцца на прадстаўленні гасцям своеасаблівага знаёмства з дзікай прыродай - катанне на конях, лясныя і экзатычныя жывёлы ў вальерах, рыбалка, магчыма, працатэрапія. Некаторыя людзі, якія стаміліся ад шалёнага рытму мегаполісаў і пастаянных стрэсаў, са здавальненнем бяруць у рукі сельгасінструмент і апрацоўваюць зямлю на чыстым паветры.

Зусім нядаўна давялося пабываць і на сядзібе, якая таксама яшчэ ў працэсе стварэння, у в. Мазічы (гаспадыня Ева Глінская). Адразу можна заўважыць, нягледзячы на гурбы снегу навокал, якія цудоўныя тут мясціны. Побач старое рэчышча ракі Мухавец, я кое нават зімой акупіравалі рыбакі. Гаспадары пабудавалі ўжо тут чатыры дамы з драўлянага брусу, ёсць сад. Плануюць сварыць стылізаваны пад старажытны хутар з адпаведным інтэр’ерам - прыладамі працы нашых продкаў, лазняй, выкапаць ставок, дзе будзе разводзіцца рыба. Будаўніцтва аб’ектаў сядзібы яшчэ не закончана. Ева Глінская сцвярджае, што, магчыма, ужо у гэтым годзе сюды завітаюць першыя госці.

Цана пытання

Для таго, каб весці справу на ніве аграэкатурызму, спатрэбіцца не толькі моцнае жаданне, але і пэўная матэрыяльна-тэхнічная база, а значыць - фінансавыя ўкладанні. Удзельнік Праграмы развіцця аграэкатурызму ААТ « Белаграпрамбанк» на льготных умовах выдае крэдыты ў нацыянальнай валюце ў безнаяўным і наяўным парадку. Дарэчы, усе гаспадары чатырох аграсядзіб выкарысталі такую цудоўную магчымасць. Банк прапануе крэдыт пад 5 працэнтаў гадавых. Максімальная сума - 70 млн. рублёў (да 2000 базавых велічынь). Для фермерских гаспадарак тэрмінам на 5 гадоў, для фізічных асоб - да 7 гадоў. За больш падрабязнымі кансультацыямі можна звяртацца па тэлефонах аддзялення «Белаграпрамбанка» у г. Кобрыне: 2-26-24: 2-38-24. Такая значная падтрымка, а таксама мінімальнае падаткаабкладанне (да 2010 года ўключна ўсяго адна базавая велічыня ў год) будзе з’яўляцца добрым стымулам для тых, хто толькі плануе заняцца аграэкатурызмам. Паводле апошняй інфармацыі Мінсельгасхарча РБ, гарантуецца выдзяленне зямельных участкаў, а таксама ўсебаковаё садзейнічанне будучым уладальнікам хутарскіх гаспадарак (будаўніцтва жылля, пракладка лініі электраперадач і г.д). Па пытаннях афармлення дакументаў і ўмоў па стварэнню аграэкатурызму на ўласных сядзібах неабходна звяртацца ў аддзел па фізкультуры, спорту і турызму рай выканкома па тэлефонах 2-14-63, 2-24-99.

Раман Мельнік

Мельнік, Р. Новаўвыдзенне ці рэтраспектыва?: аграэкатурызм / Раман Мельнік  // Кобрынскі веснік. – 2009. – 24 студзеня. – С. 3.