Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Трагедия деревень Кобринщины

“Вогненныя” вёскі Кобрыншчыны     

За гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі гітлераўцы правялі 140 буйных карных аперацый па масавым знішчэнні мірнага насельніцтва, цэлыя раёны ператвараліся ў пустэльныя зоны. 5 верасня 1942 года карнікі акружылі вёску Рэчыца. Старых, жанчын і дзяцей – усяго 33 чалавекі – загналі ў хлеў і падпалілі. Не менш жорстка расправіліся акупанты з жыхарамі вёскі Каменка. Тут былі расстраляны 152 мірныя жыхары і спалены 48 двароў. Ноччу з 22 на 23 верасня добра ўзброеныя карнікі рушылі на безабаронную вёску Барысаўка. Людзей – 206 чалавек – сагналі на ўскраек лесу і расстралялі, а саму вёску – 225 сялянскіх дамоў – спалілі. Ворагі пакідалі крывавыя сляды ўсюды, дзе ступала іх нага. Арол – 18 чалавек расстраляны, спалены 12 двароў. Чаравачыцы – закатаваны 56 жыхароў, спалены 18 дамоў. Навасёлкі, Боркі, Лука… Пад выглядам барацьбы з партызанамі ў Кобрынскім раёне карнікі знішчылі 3767 мірных жыхароў, спалілі 1693 двары.

За жахлівымі лічбамі – тысячы скалечаных лёсаў. Вольга Васільеўна Міранюк з вёскі Каменка даглядае магілу сваякоў, якія сталі ахвярамі нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сям’ю яе дзеда Гурыя Сцяпанавіча Тышко расстралялі на ўласным падвор’і. Дл чатырохгадовай Вольгі той час запомніўся адчуваннем страху.

Сяргею Аляксандравічу Міхасюку ў час трагічных падзей сорак другога года ў вёсцы Каменка было 6 гадоў. Яго сям’я жыла ў суседняй вёсцы Дахлава. Адчуванне страху запомнілася і яму.

Ад фашысцкіх куль у Каменцы змаглі ўратавацца нямногія, да 10 чалавек. Паводле іх успамінаў, запісаных супрацоўнікамі Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава, можна аднавіць панараму падзей карнай аперацыі ў вёсцы Каменка.

З успамінаў Вольгі Якімчук: “Як толькі мама ўбачыла немцаў на другім канцы вёскі, адразу разбудзіла мяне і сястру. Яна наказала нам схавацца, каб нас не пагналі ў Германію. Схаваўшыся ў агародзе і баючыся падняць нават галаву, мы чулі, як немцы рабавалі і вывозілі маёмасць вяскоўцаў. Пасля бачылі, што людзей гналі па вуліцы. Праз нейкі час адчулі пах дыму. Даносіліся выстралы, крыкі”. У ліку тых, каму ўдалося выжыць, быў і Цімафей Веруш. Ён схаваўся ў сваёй адрыне. Калі немцы падпалілі яе, зрабіў дзірку ў саламянай страсе і выратаваўся.

З успамінаў Яўціхія Сацыка: “Па камандзе мы ляглі ўсе на зямлю тварам уніз. Дзеці плакалі, маці прыкрывалі іх сабой. Мы ляжалі пад дулам аўтаматаў эсэсаўцаў. У хляве людзей забівалі. Крык Максімука Івана: “Людзі, бяжыце, нас заб’юць” падняў многіх, і ўсё змяшалася”.

На месцы масавага расстрэлу жыхароў вёскі Каменка ў 1979 годзе быў узведзены помнік. На магільных плітах высечаны імёны тых, хто загінуў ад рук карнікаў.

P.S. З цягам часу спаленыя вёскі, акрамя вёскі Арол, аднавіліся. У кожнай з іх узведзены помнікі-абеліскі ахвярам фашызму. Новыя жыхары прыходзяць сюды, каб ушанаваць іх памяць.

Людміла Дубіна

(Матэрыял падрыхтаваны паводле кніг “Памяць”. Мінск, Белта 2002; “Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя”. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць. – Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 2007).

Дубіна,Л. “Вогненныя вёскі” Кобрыншчыны / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. — 2014. — 17 верасня. — С.2.
Пра спаленыя вёскі Кобрыншчыны у гады фашысцкай акупацыі.


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Познай Кобрин