Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Трагедия деревень Кобринщины

Усё трывожаць успаміны

У вёсак, як і ў людзей, лёс розны. Прозвішчы ці назвы адных пастаянна на слыху, пра другіх успамінаюць зрэдку, хоць падставы для гэтага амаль што роўныя. Так і з вёскай Навасёлкі Астроміцкага сельсвета, пра існаванне якой ведае далёка не кожны жыхар Кобрыншчыны: для многіх яна асацыіруецца з вялікай вёскай аднайменнага сельсавета, размешчанай у процілеглым кутку раёна. А між іншым пра гэту невялічкую вёсачку, яе жыхароў таксама можна напісаць цэлую аповесць, толькі з вельмі сумным зместам...

Задумаўшы матэрыял, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, - так цяпер называюць 22 чэрвеня, - знайсці для яго факты паспрабавала нестандартным шляхам, так бы мовіць, без пасрэднікаў. I на першы ж званок па аднаму з нешматлікіх нумароў адазваўся немалады мужчынскі голас. Так, ён адзін са старэйшых жыхароў вёскі, сведка трагічных падзей, якія адбыліся восенню 1943 года.

І вось Навасёлкі, сімвалічны помнік ахвярам фашызму, вуліца, дзе заселеныя дамы чаргуюцца з пустымі, адзначаны ў размове дом. Знаёмімся: Сяргей Емяльянавіч Главацкі.

Справіўшыся а хваляваннем, Сяргей Емяльянавіч пачынае свой расказ, з якога паступова вырысоўваецца страшная карціна таго далёкага, але для яго незабыўнага дня.

Даведаўшыся аб наяўнасці ў вёсцы партызан, немцы, якія рухаліся з боку Лукі, акружылі Навасёлкі. Праход быў толькі адзін - на Смалярню.

Емяльян Главацкі заўважыў немцаў і паспеў крыкнуць сваім: «Уцякайце»... Бацька найперш непакоіўся за сыноў, маўляў, дзеці і жанчыны ні ў чым не вінаватыя, не павінны іх чапаць. Васемнаццацігадоваму Сяргею ўдалося скрыцца ў лесе, адкуль і назіраў за тым, што робіцца ў вёсцы. Яго меншага брата бацька схаваў у склепе для бульбы, што і выратавала хлопца. Ведаючы, што саламяныя стрэхі могуць загарэцца і ад куль, галава сям’і пачаў выносіць на двор рэчы... Не думалі ўцякаць і яго брат з жонкай і многія іншыя, у тым ліку і людзі з суседніх вёсак, якія па розных прычынах аказаліся на той час у Навасёлках. У свой блізкі страшны канец яны паверылі тады, калі іх сабралі разам, пагналі ў канец вёскі, прымусілі легчы на зямлю тварамі ўніз. Як потым удакладніла Вольга Крыштафовіч (Назарчук), якой тады было 12 гадоў: ёй з маленькай дачкой брата пашанцавала ўцячы ад карнікаў. Пасля ўсіх загналі ў адзін з дамоў, дзе хутчэй за ўсё хацелі спаліць. Але падышла нейкая машына, і пасля гутаркі з яе пасажырамі людзей вывелі на вуліцу і пагналі ў бок горада. Былі там і родныя Вольгі: маці, бабуля, жонка брата з дзіцём.

Паводле слоў маіх субяседнікаў, там было 70 чалавек, у ліку іх шмат дзяцей, цяжарных жанчын. Як стала неўзабаве вядома, з іх уцалела толькі адна Лукер’я Гадаваная, якую адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Астатніх расстралялі ў Кобрыне, каля Пінскага моста...

Тыя, хто пасля вярнуўся з лесу, знайшлі ў вёсцы дзевяць трупаў. Сярод іх Сяргей пазнаў жонку свайго старэйшага брата - Вольгу...

З вялікай сям’і Емяльяна Главацкага засталіся чатыры сыны. Адзін жыў з сям’ёй у Гарадцы, самы старэйшы пайшоў у партызаны. Куды накіроўвацца малодшым? Сяргей таксама вырашыў падацца да партызан і да вызвалення Кобрыншчыны знаходзіўся ў атрадзе імя Катоўскага, які дзейнічаў за Днепра-Бугскім каналам. Потым была служба ў арміі. Тут яму таксама пашанцавала: накіравалі не на перадавую, а на падрыхтоўку да ваеннай службы ў Маскоўскую вобласць. Пасля да 1947 года служыў у ахове важных аб’ектаў. З арміі ён вярнуўся да брата ў Гарадзец. Але ж патрэбна было думаць і аб уласнай сям'і. У вёсцы Акцябр пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай, якая і стала яго жонкай. Бацькі жонкі прапанавалі ўладкавацца ў Акцябры, але Сяргея цягнула ў родныя мясціны, маўляў, там побач лес, грыбы, ягады, лягчэй будзе з матэрыялам на дом, палівам. Але, напэўна, цягнула яго туды і памяць аб дарагіх яму людзях: маці, бацьку, сёстрах, якія загінулі ў дзіцячым узросце, так і не пазнаўшы жыцця, дзядзькі з цёткай. Спачатку ўзвялі часовае памяшканне, потым і дом, у якім і сёння жыве Сяргей Емяльянавіч. У гэтым годзе ў яго надарылася бяда - пахаваў жонку. Зменшыць тугу дапамагаюць дзеці, унукі, якія імкнуцца ў Навасёлкі кожныя канікулы, хоць і не ўсе жывуць блізка. Старшы сын Сцяпан жыве ў Быхаве, дачка Марыя - у Брэсце, Ніна - у Кобрыне, Святлана - у Віцебску. Усе атрымалі адукацыю. З бацькам цяпер жыве малодшы сын Юрый, асабістае жыццё якога не зусім склалася так, як хацелася б бацькам. I на матэрыяльны бок Сяргей Емяльянавіч не скардзіцца: ёсць пенсія, трымае жыўнасць. Вось толькі памяць не-не ды і трывожыць успамінамі аб дарагіх людзях, іх трагічнай гібелі. У маладыя гады ён часта бываў каля Пінскага моста, асабліва, калі працаваў на кансервавым заводзе, торфараспрацоўках у Брылёве. Сёння ён звяртаецца да родных у думках. Памятаць - гэта ўсё, што ён можа зрабіць для іх. Як і ўсе мы.

Марыя Хільчук

Хільчук, М. Усё трывожаць успаміны / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік – 2003. – 21 чэрвеня.
Аб трагедыі вёскі Навасёлкі.


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину