Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Трагедия деревень Кобринщины

А навокал палалі дамы 

Гэтай маленькай вёскі з прыгожай назвай Арол, што размяшчалася ў маляўнічым кутку з абодвух бакоў Днепра-Бугскага канала, даўно няма на карце раёна. Яе назву і прозвішчы людзей, якія ціха і мірна жылі тут да 22 снежня 1943 года, захоўваюць кніга «Памяць» і сэрцы тых, каму пашчасціла ўцалець у той жудасны дзень, дажыць да нашага часу.

Успаміналі аб перажытым і ўшанавалі памяць загінуўшых на сустрэчы, што адбылася ў СДК в. Камень 21 снежня - напярэдадні 60-годдзя знішчэння вёскі Арол і яе жыхароў фашысцкімі акупантамі. На сустрэчу прыехалі былыя жыхары вёскі, іх родныя з розных месцаў Кобрыншчыны. У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкома Аляксандр Рагачук, старшыня Гарадзецкага сельвыканкома Марыя Здановіч, дырэктар ААТ «Гарадзец-агра» Васіль Гароднікаў.

... Дзіцячая памяць фіксуе ўбачанае, асабліва страшнае, надоўга, часам на ўсё жыццё. I большасць людзей, якія сёння знаходзіліся ў зале Каменьскага клуба, у той страшны час былі малымі, падпеткамі. Сёстрам Надзеі Голад і Еўдакіі Кірчук было 11 і 10 гадоў. Яны і сёння памятаюць, як раніцай, калі наймаладзейшая частка насельніцтва толькі прачыналася, у вёсцы з’явіліся немцы: у белых халатах, з аўтаматамі. Усіх жыхароў дамоў, якія размяшчаліся з боку Каменя, сагналі на дарогу і пагналі па замёрзламу каналу на другі бок, у дом Пятра Хамука, дзе ўжо былі людзі, якія жылі па-суседству. Працаздольных прымусілі разбіраць сенцы дома і з бярвенняў рабіць пераправу для жывёлы, адабранай у насельніцтва. Пасля заканчэння работы ўсіх зноў сабралі ў доме і замкнулі - дзверы. «Усё, гэта канец», - зразумелі дарослыя. Але ў дом зноў зайшлі тры немцы, адзін з іх на рускай мове сказаў: «Хто з другога боку канала - выходзьце».

Людзей вывелі на дарогу. Пачалі расстрэльваць мужчын. Ніна Хамук з маленькім дзіцём на руках спрабавала ўцячы, але куля дагнала жанчыну. Побач з маці на скрываўленай зямлі заходзілася ад плачу адзінаццацімесячная дзяўчынка з прастрэленай рукой...

А навокал палалі дамы. Полымя, а пасля выбухі ў доме Пятра Хамука абарвалі жыцці тых, хто застаўся там: старых, жанчын, малых дзяцей...

З мужчын выратаваліся адзінкі, якім пашанцавала ўцячы да пачатку расправы. З моладзі - Аляксей Васілюк, які першым заўважыў гітлераўцаў і паспеў папярэдзіць некаторых вяскоўцаў, Уладзімір Сідарук...

Выжылі і дачакаліся сваіх дзяцей і ўнукаў дзеці знішчанай вёскі. Асірацелыя, перапалоханыя, бездапаможныя, як маленькая параненая Марыя Хамук. Скрываўленую дзяўчынку забрала бабуля. Некалькі гадоў тулялася з ёю па чужых кугках... Потым Марыя выхоўвалася ў дзіцячым доме, набыла адукацыю, працавала выхавальніцай, затым кіраўніком дашкольнай дзіцячай установы. Зусім маладзенькія Алена і Ганна Сідарук, бацька якіх загінуў у той страшны дзень, а неўзабаве памерла маці, выгадавалі трохгадовую сястрычку Марыю, хоць не могуць без слёз успамінаць хат радні і чужых людзей, будан, зроблены родзічам, дзе пражылі некалькі гадоў. I сёстры Вольга Бура і Надзея Чыж, якія прасядзелі цэлую ноч у стажку, а потым з памарожанымі рукамі і нагамі шукапі ратунку ў радні ў навакольных вёсках...

Апісанне бед, мужнасці і вытрымкі былых жыхароў Арла можна працягваць яшчэ доўга, бо тут што ні чалавек, то не заціхаючы згустак болю па родных, па куточку зямлі, дзе кожную вясну так буяў у кожным двары бэз, кусты якога, як жывыя помнікі сваім гаспадарам, і цяпер віднеюцца на месцы некаторых сядзіб...

Па іх вызначалі сваіх землякоў тыя, што пасля сустрэчы ў Камені паехалі ў былую вёску, каб ускласці вянок да абеліска, узведзенага на месцы хаты Пятра Хамука - месцы страшнай гібелі ні ў чым не вінаватых дарослых і дзяцей...

Кожную вясну на Радаўніцу, ды і ў іншыя дні прыязджаюць былыя дзеці вёскі Арол на размешчаныя непадалёку невялічкія, але дагледжаныя могілкі ў сасновым лесе, дзе спяць вечным сном іх продкі і ахвяры фашысцкіх катаў. Гэтыя могілкі папаўняюцца і цяпер. Тымі, хто пажадаў і там, у небыцці, быць побач з роднымі, у роднай зямлі.

Марыя Хільчук

Хільчук, М. А навокал палалі дамы / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. – 2003. – 27 снежня. – С.3.
Як былі знішчаны вёскі Арол і Камень.

Комментарии