Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Трагедия деревень Кобринщины

Адна з сясцёр Хатыні 

Людзі, якія ўпершыню прыязджаюць у Луку, нават і не падазраюць, што амаль 60 гадоў назад гэта вёска таксама перажыла трагічную падзею ў сваёй гісторыі. Падрабязнасці да гэтага часу памятае мясцовая жыхарка Вольга Петруковіч, хоць і было ёй тады ўсяго 12 гадоў. Але страшнае, як вядома, запамінаецца на ўсё жыццё…

У 1943 годзе ў навакольных лясах актыўна дзейнічалі партызаны. Падазраючы, што некаторыя з вяскоўцаў падтрымліваюць з імі сувязь, у Луку перыядычна наведваліся паліцаі, якія размяшчаліся ў Дзеткавічах і Запрудах. Напэўна, хтосьці падказаў ім, што ў Івана і Аляксея Матвейчыкаў ёсць зброя. Пры вобыску ў Івана, які ўжо жыў асобна са сваёй сям’ёй, знайшлі паляўнічае ружжо, у Аляксея - запал. Абодвух забралі. Праз некалькі дзён стала вядома, што яны ў Кобрыне. Калі бацька паехаў у горад даведацца аб лёсе сыноў, пачуў страшную вестку: Аляксей толькі што расстраляны ля Пінскага моста. Бацька яшчэ паспеў пабачыць мёртвае цела сына... Івана адпусцілі дамоў. Праз нейкі час ён вырашыў пайсці да партызан, з якімі меў сувязь. З таго часу яго больш ніхто не бачыў.

У пачатку восені паліцаі прыехалі ў Луку за жыўнасцю, за гусямі, як сказала Вольга Раманаўна. Аб іх паяўленні паведамілі партызанам, і тыя хуценька акружылі няпрошаных гасцей. Уцячы давялося толькі аднаму, які і расказаў аб тым, што здарылася, немцам.

Вяскоўцы прадчувалі бяду, таму, прыхапіўшы самае неабходнае, падаліся ў лес. У вёсцы засталіся толькі чатыры старыя жанчыны. Маці Вольгі была інвалідам, без нагі, рухалася марудна. Фашысты дагналі яе каля леса і забілі выстралам у лоб...

Злосць гітлераўцы спагналі на вёсцы: спалілі палавіну дамоў і гаспадарчых пабудоў. Праз месяц, у святочны дзень, яны зноў прыехалі ў Луку. Акружылі вёску, куды некалькі чалавек прыйшлі з лесу, каб узяць сёетое з хаты. Людзей адправілі ў Кобрын, дзе некаторых расстралялі, а частку адправілі ў Германію на прымусовыя работы. Перад ад’ездам гітлераўцы запалілі пабудовы, якія яшчэ ўцалелі. Цудам засталася вясковая школа, якую захопнікі потым усё ж спалілі, уцякаючы ад наступаючай Савецкай арміі. У выніку ад Лукі засталіся толькі пажарышчы.

Бяздомных, асірацелых жыхароў прытулілі сяляне з суседніх вёсак Ражок і Буды (былы Антопальскі, цяпер Драгічынскі раён). Няпроста было і гаспадарам, і пастаяльцам. Як успамінае Вольга Раманаўна, жылі ў страшэннай цеснаце, па 15 чалавек у пакоі. Нялёгка было і з харчаваннем. Дарослыя вырашылі вярнуцца ў родную вёску, дзе ўжо і межы сядзіб зніклі. I восенню 1944 года людзі пачалі вяртацца ў Луку. Бацька Вольгі Раманаўны, як і іншыя вяскоўцы, напачатку зрабіў будан, на зіму - зямлянку...

Кажуць, час лепшы доктар. Тройчы паленая Лука адрадзілася, стала і значна большай, і прыгажэйшай за тую, колішнюю. У Вольгі Петруковіч жыццё склалася не горш за іншых. I жыллё было, і ўсе пяцёра дзяцей добрую адукацыю набылі, работу маюць. Аднак, як толькі заходзіць размова аб падзеях, што адбыліся ў тым страшным 1943-м, яна не можа стрымаць слёз.

Колькі ж іх да гэтага часу льецца па ўсіх кутках Беларусі, над якімі пранесліся чорныя хмары Вялікай Айчыннай вайны, фашысцкай акупацыі!?

Марыя Пятроўская

Пятроўская, М. Адна з сясцёр Хатыні / Марыя Пятроўская // Кобрынскі веснік. - 2003. - 22 сакавіка. – С. 6.
Жыхарка Лукі В. Петруковіч успамінае пра трагедыю роднай вёскі ў гады вайны.

Комментарии