Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Трагедия деревень Кобринщины

У вёскі Боркі лёс горкі

Упэўнена. большасць людзей з асаблівым пачуццём адносяцца да месцаў, дзе нарадзіліся, выраслі. Для мяне такім месцам стала вёска Гуцкі. I калі даводзіцца пабываць у тых мясцінах. дзе сёння засталося толькі чатыры хаты, якія большасць часу пустуюць, успамінаю акружаныя вянкамі садоў сялянскія сядзібы, млын на ўзгорку, дзе збіралася ўся дзятва, каб згуляць у няхітрыя тагачасныя гульні, сажалку, дзе ў час летняга абмялення мы з незвычайным азартам даставалі рукамі слізкіх вёрткіх уюноў… І шчыміць, шчыміць сэрца ад незваротнасці мінулага, ад усведамлення, што вось-вось знікнуць апошнія прыкметы маёй малой радзімы.

У жыхара вёскі Боркі Васіля Паўзуна, былога экскаватаршчыка, а цяпер пенсіянера, успаміны дзяцінства вельмі адрозніваюцца ад маіх, бо ў нашых вёсак розныя лёсы. Калі мае Гуцкі адыходзяць у небыццё ад часу, яго вёска ўжо адзін раз памірала ад рук людскіх. Трагічна, страшна. У 1943 годзе. Тады былі спалены ўсе 70 дамоў з гаспадарчымі пабудовамі, закатаваны 18 жыхароў. Васіль Паўзун да дробязей памятае, як гарэла вёска, як пасля паступова адбудоўвалася. Магчымасці і здольнасці кожнага гаспадара былі розныя, што і сёння можна бачыць па вясковых хатах. Васіль Лаўрэнцьевіч успамінае першае пасля пажару «жыллё» сваёй сям'і і родзічаў - будан з дошак, у якім туліліся 18 чалавек розных узростаў, пасцеллю для якіх была засланая саломай падлога...

Але ж нездарма кажуць, што жыццё чалавека, як тканіна ў чорныя і белыя палосы. I ў жыцці Борак пасля чорных дзён паявіліся белыя. Вяскоўцы паступова адбудаваліся. З арганізацыяй калгаса тут пабудавалі ферму, што давала надзею на перспектыву, памяшканне для магазіна, у якім вяскоўцы набывалі неабходныя прадукгы і прамысловыя тавары.

Сёння, паводле дадзеных сельскага Савета, у Борках заселена 33 дамы, у якіх пражываюць 74 чалавекі (хоць паводле слоў Васіля Паўзуна - менш). Толькі ў трох дамах ёсць дзеці, у астатніх – у асноўным пенсіянеры. Яшчэ некаторы час назад амаль у кожным двары была карова, цяпер колькасць іх з кожным годам змяншаецца, бо няма ўжо ў старых людзей сі;і ні пасвіць жывёлу, ні нарыхтоўнаць для яе корм. Ужо і авечак, як адзначыў Васіль Лаўрэнцьевіч, трымаюць толькі тры гаспадары.

Магазін працуе тры дні на тыдзень. Апошнім часам пайшлі размовы аб магчымым яго закрыцці з-за стратнасці, што вельмі непакоіць вяскоўцаў, якім цяпер за таварамі першай неабходнасці трэба будзе дабірацца за 3 кіламетры ў Запруды.

У ветраны, шэры ад хмар дзень вёска Боркі, з раскіданымі па розных напрамках хатамі, таксама выглядала шэрай, паніклай, як стары хворы чалавек, які выдатна ўсведамляе, што яго наперадзе чакае. Але для тых, хто нарадзіўся і вырас тут, Боркі засталіся і застануцца дарагімі да болі ў сэрцы. Так будзе і тады, калі ў іх застануцца, як у маёй вёсцы, толькі чатыры ці тры дамы. Бо гэта радзіма. Хоць і маленькая.

Марыя Хільчук

Хільчук, М. У вёскі Боркі лёс горкі /Марыя Хільчук //Кобрынскі веснік. – 2002. – 16 сакавіка. – С.2 : фота.

Успаміны жыхара вёскі аб трагедыі в. Боркі.

Комментарии