Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Трагедия деревень Кобринщины

Абпаленыя …

1124 дні фашысцкай акупацыі адабралі каля 13000 жыццяў. У ліку іх - больш як 8000 жыхароў горада.

Спалены разам з жыхарамі цэлыя вёскі. У в. Барысаўка загінулі 217 чалавек, Каменцы - 152, Рэчыцы - 64, Чаравачыцах - 56, Навасёлках - 67, у в. Лука - 30, Арол - 18, Боркі - 18.

Былі разбураны і прыведзены ў непрыгоднасць: трэцяя частка жылога фонду, усе прадпрыемствы прамысловасці, памяшканне электрастанцыі, уся паштова-тэлефонная сувязь.

Час забірае сведак розных падзей. А калі іх было мала – асабліва хутка. Таму ў вёсцы Каменка ўжо няма непасрэдных відавочцаў таго, як вераснёўскім ранкам фашысцкія акупанты, сагнаўшы ўсё насельніцтва вёскі быццым бы для вырашэння пытання з закупам малака, асудзілі людзей на пакутніцкую смерць. Цудам уцалела некалькі чалавек…

Адзін з іх - пакойны муж Фяўронні Максімук. Ён расказваў ёй, што пасля таго, як з натоўпу сабраных карнікі забралі цэлую сям'ю і расстралялі на вачах аднавяскоўцаў, людзі зразумелі, што іх чакае. Некалькі чалавек з ліку моладзі кінуліся ўцякаць, услед ім градам паляцелі кулі. Чатыры чалавекі ўпалі на зямлю, некалькім удалося дабегчы да кустоў і схавацца. Тады карнікі замкнулі дзверы клуні і запалілі яе...

Сям’я Фяўронні жыла непадалёку, на Казішчанскіх хутарах. Яны ведалі аб жудаснай смерці сваіх родзічаў і знаёмых і жылі ў пастаянным страху за сваё жыццё. I неўзабаве бяда прыйшла і да іх. Напачатку ў Кобрыне арыштавалі бацьку. Хацелі адразу расстраляць, але потым сказалі: вядзі ў лес, да партызан. Ён завёў фашыстаў у багністае месца, а сам, добра ведаючы мясцовасць, уцёк. Сям’я - маці і пяцёра дзяцей - жыла ў трывозе, дзве ночы правяла ў лесе. Раніцай, калі прыйшлі да хаты, хутар акружылі немцы, паліцаі. Фяўроння была старэйшай, маці сказала: «Уцякай, дачушка». Дзяўчынцы стралялі ў спіну, але яна паспела дабегчы да канавы, упасці на дно. Гэта і выратавала: карнікі падумалі, што куля трапіла ў цэль...

А маці, двух братоў, адну сястрычку расстралялі. Чатыры дні Фяўроння хадзіла па лесе, не верыла, што гэта быў не страшны сон. Дзе дзелася самая меншая дзяўчынка - двухгадовая, яна доўга не ведала. Потым ёй расказалі, што дзяўчынку прывезлі ў Тэўлі, дзе паліцай забіў яе, кінуўшы галавой на дарожнае каменне... Цела маці і траіх дзяцей праляжала на месцы забойства два тыдні: карнікі ўстанавілі вакол трупаў засаду з надзеяй схапіць бацьку.

Потым чатырнаццацігадовай дзяўчынцы давялося зімаваць у лесе, начаваць пад снегам, галадаць, хадзіць нямытай, нячэсанай. Трэба было неяк ратавацца, выжываць. Бацька Фяўронні разам з іншымі вяскоўцамі, якія за сувязь з партызанамі трапілі ў «чорны спіс» фашыстаў, на падводах па бязлюдных мясцінах прабраліся да Сварыні, дзе размяшчаўся буйны партызанскі атрад, пад кантролем якога знаходзілася некалькі населеных пунктаў. Пасля выгнання акупантаў Фяўроння вярнулася ў родныя мясціны, жыла ў радні, потым выйшла замуж, пабудавала ў Каменцы свой дом.

Полымя страшнага вогнішча ў Каменцы абпаліла і жыццё Ганны Кавалевіч, сям’я якой жыла таксама недалёка ад тых месцаў, у лясной вёсачцы Дахлава. Яе жыхары бачылі, як ланцугі карнікаў рухаліся ў бок Каменкі, і паспяшаліся схавацца ў лясной глухамані. Неўзабаве з таго боку пачуліся стрэлы, а з дрэў было бачна, што вёска палае. Праз тыдзень карнікі прыехалі ў Дахлава і спапілі пяць дамоў, гаспадароў якіх назваў фашыстам нейкі здраднік. Сям’я Ганны цэлы тыдзень прасядзела ў лесе. Жыхар адной з аддапеных вёсак прапанаваў маці аддаць яму дзяўчынку ў нянькі, маўляў, у цяпле будзе, ды і не галодная. Ганне на новым месцы было нядрэнна, але аднойчы ў дом зайшоў стараста і загадаў гаспадару адвезці дзяўчынку назад, інакш раскажа пра яе немцам. А ў Дахлаве засталася толькі адна хата.

Ганна доўга тулялася па лесе, пакуль жанчына, якая выпадкова сустрэлася, не дапамагла ёй убачыцца з маці. Пачыналася зіма. Сям’я Ганны і дзядзька з жонкай правялі яе ў маленькай зямлянцы, у якой, акрамя месца для сну, былі маленькая печачка і «каподзеж» - паглыбленне ў зямлі, дзе пастаянна стаяла вада, якую выкарыстоўвалі для піцця, прыгатавання ежы. У зямлянцы прасядзелі ўвесь зімовы час. Вясной, калі пачаліся пастаянныя аблавы карнікаў, падаліся да партызан, у Спораўскія лясы, дзе дзяўчынка разам з дарослымі жанчынамі працавала на кухні.

Нягледзячы на перанесеныя жыццёвыя і душэўныя выпрабаванні, Фяўроння Максімук і Ганна Кавалевіч выжылі, стварылі сем'і, выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў і ў сваіх зваротах да Бога просяць аб тым, каб нашчадкам не давялося ўбачыць і перажыць тое, што перанеслі яны.

Са слоў Фяўронні Максімук і Ганны Кавалевіч
напісала Марыя ХІЛЬЧУК

Хільчук, М. Абпаленыя… / Марыя Хільчук; са слоў Фяўронні Максімук і Ганны Кавалевіч // Кобрынскі веснік. – 2002. – 8 мая.

Аб трагедыі вёсак Кобрыншчыны.

Комментарии