Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Iмi ганарацца землякi

АЛЯКСАНДРАЎ Аляксей Генадзьевіч, спартсмен. Нарадзіўся ў 1973 г. Выхаванец Кобрынскай школы шахмат. Міжнародны гросмайстар, віцэ-чэмпіён Еўропы 2000 г. (Мілан). Неаднаразовы пераможца юнацкіх першынстваў Еўропы, прызёр сусветных чэмпіянатаў.

АНДРАСЮК Iван Васiльевiч, беларускі мастак. Нарадзіўся 17 сакавіка 1958 г. у в. Хадынiчы. Закончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1977). Працаваў у Дзівінскай школе настаўнікам малявання і чарчэння, афармляў новую школу. Жыве ў Гомелі, дзе працаваў мастаком на шпалернай фабрыцы, цяпер працуе ў рэкламнай сферы мастаком-плакатыстам, у вольны час малюе партрэты і пейзажы. Член Беларускага саюза мастакоў з 1995 г.

АНТАНЮК Георгій Аляксандравіч, беларускі філосаф, доктар філасофскіх навук (1991), прафесар (1993). Нарадзіўся 13 лістапада 1942 г. у в. Мацы. Пасля заканчэння Магілёўскага машынабудаўнічага тэхнікума служыў у Савецкай арміі. У 1970 г. закончыў філасофскі факультэт Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта. Вучыўся ў аспірантуры Інстытута філасофіі і права АН БССР. З 1973 г. малодшы, потым старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права АН БССР. У 1974 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па сістэмным падыходзе ў сацыялагічных даследаваннях. З 1980 г. старшы выкладчык, дацэнт, прафесар кафедры філасофіі Нацыянальнай АН Беларусі. Доктарская дысертацыя прысвечана метадалагічным праблемам праектавання сацыяльных адносін. Аўтар шэрагу прац: «Сацыяльнае праектаванне: Некаторыя метадалагічныя аспекты» (1978), «Сацыяльнае праектаванне і кіраванне грамадскім развіццём: тэарэтыка-метадалагічны аспект» (1986), «Сацыяльнае праектаванне ў працэсе практычнага прымянення сацыяльных ведаў» (1992) і інш. Г.А.Антанюк быў наватарам у распрацоўцы метадалогіі сацыяльна-інжынернага праектавання. З 1990-х гадоў паступова пераходзіць да крытычнага пераасэнсавання філасофіі і ў цэлым ідэалогіі як крыніцы аб’ектыўнага пазнання. Даследуе агульнасацыяльныя і агульнафіласофскія праблемы.

АНТАНЮК Максім Антонавіч, савецкі ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант. Нарадзіўся ў 1895 г. у в. Мацы. З 1915 г. у арміі, закончыў школу прапаршчыкаў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. быў арыштаваны за бальшавіцкую агітацыю. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. у Петраградзе. З кастрычніка 1917 г. у Чырвонай гвардыі, камандзір 2-га Кранштацкага атрада, удзельнік баёў супраць Краснова пад Царскім Сялом. У грамадзянскую вайну 1918—1920 гг. памочнік камандзіра палка, камандзір батальёна Паўднёвай групы войскаў 5-й арміі, 10-й Камышынскай і іншых дывізій. Пасля грамадзянскай вайны камандзір 5-й Віцебскай, 3-й Крымскай стралковых дывізій, намеснік генерал-інспектара пяхоты Чырвонай арміі. Член ЦВК Узбекістана ў 1925 г., ЦВК БССР у 1927 г. Закончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе ў 1927 г. У Вялікую Айчынную вайну камандуючы 2-й, 3-й рэзервовымі і 48-й арміямі, групамі войск Ленінградскага фронту, на іншых камандных пасадах. Пасля вайны намеснік камандуючага войскамі Львоўскай ваеннай акругі. З 1947 г. у запасе. Памёр 30 ліпеня 1961 г.

БАРМУЦКАЯ Аліцыя Збігнеўна, вучоны-медык. Нарадзілася ў 1953 г. у Кобрыне. Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Мінскага медыцынскага універсітэта.

БАРОДЗІЧ Інга Генадзеўна, спартсменка. Нарадзілася ў 1979 г. Майстар спорту Рэспублікі Беларусь па плаванні. Удзельніца Алімпійскіх гульняў у Атланце, неаднаразовая чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь па плаванні.

БЕЛЬСКІ Аляксей Якімавіч, вучоны. Нарадзіўся ў 1947 г. у в. Стрыі. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

ВЕРХАВЕЦ Людміла Якаўлеўна, вучоны. Нарадзілася ў 1942 г. у в. Літвінкі. Кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Віцебскага тэхнічнага універсітэта.

ВОЎК Аляксей Арсенцьевіч, вучоны. Нарадзіўся ў 1930 г. у в. Мярніца. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Памёр у 1990 г.

ВОЎК Яўген Арсенцьевіч, палкоўнік медыцынскай службы. Нарадзіўся ў 1929 г. у в. Мярніца. Кандыдат медыцынскіх навук, заслужаны ўрач Узбекістана. Памёр у 1986 г.

ГОРДУН Сяргей Аляксандравiч, протаіерэй. Нарадзiўся 4 сакавiка 1959 г. у в. Дзiвiн. Закончыў Мiнскi педагагiчны iнстытут замежных моў (1976). Маскоўскую духоўную акадэмiю (1986). Працаваў настаўнiкам Маскоўскай духоўнай семiнарыi. З 1989 г. працуе ў Мiнскай духоўнай семiнарыi, дацэнт Мiнскай духоўнай акадэмii, дацэнт кафедры багаслоўскіх дысцыплiн факультэта тэалогii Еўрапейскага гуманiтарнага унiверсiтэта.

ГРЫШКОЎСКІ Аляксей Васільевіч, генерал-маёр (1945). Нарадзіўся 10 мая 1904 г. у в. Мярніца. Закончыў Ваенную акадэмію імя Дзяржынскага (1940). З 1918 г. у Чырвонай арміі, прымаў удзел у баях на Тамбоўшчыне і ў Крыме, вучыўся на камандзірскіх курсах. Вялікую Айчынную вайну пачаў пад Ленінградам камандзірам артылерыйскага палка ў чыне маёра. Удзельнічаў у вызваленні Украіны, у баях у Польшчы, Чэхаславакіі. Вайну закончыў у Германіі камандуючым артылерыяй 18-й арміі ў чыне генерал-маёра. Пасля вайны камандуючы артылерыяй арміі, намеснік камандуючага артылерыяй ваеннай акругі, начальнік факультэта Артылерыйскай радыётэхнічнай акадэміі імя Говарава, дырэктар саўгаса «3-і рашаючы» пад Харкавам. Памёр 5 сакавіка 1990 г.

ГУЛЮК Георгiй Рыгоравiч, дзяржаўны дзеяч, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Нарадзіўся 23 ліпеня 1944 г. у в. Дварэц (Яромічы). Закончыў Горэцкую сельскагаспадарчую акадэмiю. Працаваў прарабам у Яромiцкай МТС, начальнiкам ПМК у г. Маларыта, намеснiкам мiнiстра, мiнiстрам мелiярацыi СССР. Дырэктар Дэпартамента меліярацыі НДІ сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі.

ДАВІДЗЮК Георгій Пятровіч, беларускі сацыёлаг і філосаф. Нарадзіўся 5 ліпеня 1923 г. у в. Акцябр. У гады Вялікай Айчыннай вайны камандзір роты партызанскага атрада імя Мікалая Шыша Пінскага злучэння. Пасля вайны вучыўся і працаваў у розных установах г. Брэста. У 1952 г. закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. У 1959 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1969 г. атрымаў ступень доктара філасофскіх навук. З 1962 г. дацэнт, з 1970 г. прафесар. У 1962—1973 гг. загадчык аддзела сацыялагічных даследаванняў Інстытута філасофіі і права АН БССР. Тут ім была створана беларуская сацыялагічная школа, якая займалася распрацоўкай праблем прыкладной сацыялогіі, сацыяльных праблем горада і вёскі. Пад яго кіраўніцтвам праведзены сацыялагічныя даследаванні сацыяльнай структуры рабочага класа, сялянства і інтэлігенцыі, на падставе якіх напісаны калектыўныя манаграфіі: «Сацыяльныя змены рабочага класа Беларусі» (1965), «Сацыяльныя змены сялянства Беларусі» (1966), «Структура савецкай інтэлігенцыі» (1970), «Сацыяльныя праблемы сяла» (1970) і інш. У 1973 г. Г.П.Давідзюк ўзначальваў кафедру філасофіі і праблемную лабараторыю сацыялагічных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У апошнія гады — прафесар кафедры сацыялогіі. У 1989 г. ва універсітэце адкрыта аддзяленне сацыялогіі, для студэнтаў якога Георгій Пятровіч напісаў і выдаў вучэбныя дапаможнікі «Уводзіны ў прыкладную сацыялогію» (1975) і «Прыкладная сацыялогія» (1979). Пад яго навуковым кіраўніцтвам 48 аспірантаў абаранілі кандыдацкія, а 12 з іх — доктарскія дысертацыі па сацыялогіі. Г.П.Давідзюк у розныя гады чытаў лекцыі ў Іенскім і Білефельдскім (Германія), Люблінскім (Славенія), Кракаўскім (Польшча) універсітэтах. Прымаў удзел у міжнародных сацыялагічных канферэнцыях. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны і выдадзены ў 1975 г. «Метадычныя ўказанні па распрацоўцы плана эканамічнага і сацыяльнага развіцця Мінска на 1976—1980 гг.». За гэтую працу Г.П.Давідзюк узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР. Пад яго рэдакцыяй напісаны і выдадзены кнігі «Сацыяльны эфект спаборніцтва» (1976), «Метадычныя асновы сацыяльнага кіравання» (1977), «Студэнт і яго дзейнасць» (1978), «Прыкладная сацыялогія» (1979, перакладзена на кітайскую мову ў 1985), «Слоўнік прыкладной сацыялогіі» (1984), «Эфектыўнасць сродкаў масавай інфармацыі» (1986), падручнікі і дапаможнікі для ВНУ («Уводзіны ў прыкладную сацыялогію», 1975) і інш. Усяго надрукаваў 137 навуковых прац, у тым ліку 13 — у замежных выданнях.

ДЗЕХЦЯРУК Уладзiмiр Iванaвiч, дзеяч беларускай дыяспары ў Эстоніі. Нарадзіўся 24 студзеня 1959 г. у в. Пaвiцце. Пасля заканчэння ў 1972 г. Брэсцкага чыгуначнага тэхнікума быў накіраваны ў Казахстан, дзе працаваў электрамеханікам Сарышаганскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі і начальнікам чыгуначнай станцыі. У 1973 г. служыў на Ціхаакіянскім флоце на падводнай лодцы. У 1976 г. паступіў у Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Пасля заканчэння накіраваны ў Эстонію на вытворчае аб'яднанне «Эстонсланец». Працуе начальнікам участка сігналізацыі і сувязі акцыянернага аб’яднання «Пылеўківі Раўдтэс» у г. Кохтла-Ярве. У 1988 г. выбраны ў раду Беларускага культурнага згуртавання г. Таліна і праз год стварыў у г. Кохтла-Ярве Беларуска-эстонскае згуртаванне. У 1998 г. дабраахвотна выйшаў з яго і пачаў супрацоўнічаць са згуртаваннем беларусаў «Спадчына» ў г. Нарва. Доўгі час удзельнічаў у падрыхтоўцы радыёперадач на хвалях «Бацькаўшчыны» для беларусаў Эстонii, быў дэлегатам З’езда беларусаў блізкага замежжа, арганізаваў паездку Эстонскага камернага хору ў Гомель, пяць веласіпедных вандровак з Эстоніі ў Беларусь. Захапляецца краязнаўствам, геаграфіяй і гісторыяй Эстоніі. Аўтар зборніка вершаў і апавяданняў «Сярод белых эстонскіх начэй» (1995), кніг «Трылабітавы бераг» (1999), «Кроплі лёсу» (2000).

ДЗМІТРУК Аляксандр Андрэевіч, кандыдат філасофскіх навук (1975), дацэнт (1976). Нарадзіўся 3 ліпеня 1928 г. у в. Ушкавіца. Закончыў юрыдычны факультэт Львоўскага дзяржаўнага універсітэта (1951), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1961). У гады Вялікай Айчыннай вайны ўся сям’я Дзмітрукоў прымала актыўны ўдзел у партызанскім руху. У 1944 г. Аляксандр Андрэевіч быў адпраўлены праз лінію фронту на работу ў тыл Чырвонай арміі. У 1951—1953 гг. працаваў інструктарам гаркома, сакратаром райкома камсамола ў Львове, у 1953—1958 гг. у Брэсцкім абкоме ЛКСМБ, у 1961—1976 гг. лектарам, загадчыкам сектара аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, у 1976—1982 гг. начальнікам кафедры, намеснікам начальніка па навуковай рабоце Мінскай вышэйшай школы МУС СССР, у 1982—1991 гг. старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Апублікаваў больш за 30 навуковых прац. Узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Памёр 9 снежня 1996 г.

ДЗЯМЧУК Міхаіл Іванавіч, беларускі вучоны-фізік. Дзяржаўны дзеяч. Доктар фізіка-матэматычных навук (1983), прафесар (1985), член-карэспандэнт Нацыянальнай АН Беларусі (1986). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1996), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1986 г. Нарадзіўся 28 мая 1946 г. у в. Дзевяткі. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 г. Кобрына ў 1963 г. паступіў на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1968—1970 гг. аспірант кафедры ядзернай фізікі БДУ. Пасля аспірантуры працаваў ва універсітэце малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам (1970—1976), загадчыкам лабараторыі паўправадніковай электронікі (1976—1984), загадчыкам аддзела сродкаў аўтаматызацыі навуковых даследаванняў Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем БДУ (1978—1980), загадчыкам кафедры аўтаматызацыі навуковых даследаванняў і сакратаром парткома БДУ (1983—1985). У 1985—1988 гг. загадчык аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ. З 1988 г. міністр народнай адукацыі БССР. З 1991 г. намеснік Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, курыраваў пытанні адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя. З ліпеня 1994 г. рэктар Беларускай політэхнічнай акадэміі. У 2000—2001 гг. намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі, акадэмік Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, віцэ-прэзідэнт Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі. Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Рэспублікі Беларусь. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1986), народным дэпутатам СССР (1989).

М.І.Дзямчук — спецыяліст у галіне навуковага прыборабудавання і квантавай радыёфізікі. Створаныя ім прыборы і сістэмы працуюць больш чым у 30 навуковых цэнтрах Беларусі, Расіі, Германіі, ЗША і іншых краін, што дазволіла правесці серыю эксперыментаў з новымі навуковымі і практычнымі вынікамі, вырашыць шэраг задач у галіне эксперыментальнай і тэхнічнай фізікі. Аўтар больш 300 навуковых прац, у тым ліку 40 вынаходстваў і 2 манаграфій. Кіраўнік (1973—1998) больш чым 30 навукова-даследчых работ, праектаў і праграм. Падрыхтаваў 10 кандыдатаў і дактароў навук. У апошнія гады ў сферы навуковых інтарэсаў М.І.Дземчука былі праблемы адукацыі і развіцця навукі ў рэспубліцы, тэорыя і практыка стварэння сучасных навукаёмістых, канкурэнтаздольных вытворчасцей і тэхналогій. Аўтар шэрагу прац і канцэптуальных палажэнняў па праблемах будаўніцтва нацыянальнай сістэмы адукацыі, стварэння новых адукацыйных тэхналогій і навучальных устаноў інтэграванага тыпу, развіцця прафесійнай школы ў рыначных адносінах, аптымізацыі кіруючых структур у галіне адукацыі.

ЗАПАРОЖЧАНКА Раіса Георгіеўна, вучоны-фізік. Нарадзілася 25 лютага 1944 г. у в. Мярніца. У 1966 г. закончыла фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пасля аспірантуры пры Інстытуце фізікі АН Беларусі працавала малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1977 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці квантавая электроніка. Тэматыка яе даследаванняў звязана з актыўнай сінхранізацыяй лазернага выпраменьвання для атрымання ультракароткіх імпульсаў святла, з нелінейна-аптычнымі метадамі ператварэння частаты ультракароткіх імпульсаў і нелінейным прапусканнем святла паўправаднікамі. Асноўным метадам даследавання, што развіла Раіса Георгіеўна, з’яўляецца метад матэматычнага мадэліравання працэсаў у лазерах і нелінейна-аптычных асяроддзях. Надрукавала больш за 100 навуковых артыкулаў у айчынных і замежных часопісах, атрымала 9 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы. Па выніках гэтых даследаванняў у 1996 г. ёй прысвоена навуковая ступень доктара фізіка-матэматычных навук па спецыяльнасці лазерная фізіка. Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай АН Беларусі.

ЗІНЧУК Сцяпан Дзмітрыевіч, вучоны-педагог. Нарадзіўся ў 1937 г. у в. Астромічы. Кандыдат педагагічных навук, дацэнт Беларускага педагагічнага універсітэта імя М.Танка.

ЗНАХАРЧУК Мiкалай Васiльевiч. Нарадзiўся 22 кастрычніка 1947 г. у в.Дзiвiн. Закончыў Севастопальскае вышэйшае ваенна-марское вучылiшча. Па размеркаванні трапіў на Паўночны флот у 1-ю флатылію атамных падводных лодак. Геройскі загінуў у 1976 г. З 24 на 25 верасня ў час пахода на лодцы пачаўся пажар у электратэхнiчным адсеку. Цаной асабiстага жыцця 3 капiтаны, у т.л. Знахарчук, лiквiдавалi пажар i яго наступствы.

ІАЎЧУК Міхаіл Трыфанавіч, філосаф, партыйны дзеяч. Доктар філасофскіх навук (1946), прафесар (1939), член-карэспандэнт АН СССР (1946), замежны член Балгарскай АН (1975). Нарадзіўся 19 лістапада 1908 г. у в. Завужоўе. Закончыў філасофскае аддзяленне Акадэміі камуністычнага выхавання (1931). У 1936—1939 гг. кіраўнік кафедраў дыялектычнага матэрыялізму марксізму-ленінізму Маскоўскага хіміка-тэхналагічнага інстытута імя Мендзялеева і Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя Ціміразева. У 1939—1941 гг. на партыйнай рабоце ў Выканкоме Камінтэрна. У 1941—1947 гг. ва ўпраўленні прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б). У 1947—1949 гг. сакратар ЦК КП(б)Б па прапагандзе і агітацыі, член бюро ЦК КП(б)Б. У 1949—1970 гг. вёў навукова-выкладчыцкую работу ў Маскоўскім, Уральскім універсітэтах, Інстытуце філасофіі АН СССР. У 1970—1978 гг. рэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, рэдагаваў часопіс «Философские науки». З 1978 г. кансультант Інстытута марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Быў старшынёй Навуковага савета АН СССР па гісторыі грамадскай думкі, кандыдатам у члены ЦК КПСС. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1941—1950 гг. Узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі СССР. Памёр 9 студзеня 1990 г. Даследаваў праблемы гісторыі філасофіі, гісторыі марксізму-ленінізму, пытанні тэорыі культуры, ідэалагічнай барацьбы і інш. Аўтар кніг «Г.В.Пляханаў і яго працы па гісторыі філасофіі» (1960), «Гісторыя філасофіі як навука, яе прадмет, метад і значэнне» (1960) і іншых, адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі філасофіі» (т. 1—6, 1957—1965).

ІЎЧАНКАЎ Віктар Іванавіч, лінгвіст, педагог, журналіст. Нарадзіўся 28 чэрвеня 1962 г. у в. Хадынічы. Кандыдат філалагічных навук (1988), дацэнт. Закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут (1985), аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1988).

Працаваў настаўнікам у Бельскай васьмігадовай школе Кобрынскага р-на (1980—1983), выкладчыкам Брэсцкага дзяржаўнага педінстытута (1985); выкладчыкам кафедры агульнага, славянскага і рускага мовазнаўства Мінскага педагагічнага інстытута (1988—1989). З 1990 г. дацэнт, з 1996 г. загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ. Саветнік міністра адукацыі па сувязях са СМІ і грамадскасцю. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Член Беларускага саюза журналістаў. Аўтар звыш 60 навуковых і навукова-метадычных работ, у т. л. дзвюх манаграфій, звыш 100 публіцыстычных матэрыялаў. Намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларуская мова і літаратура», член рэдкалегіі часопіса «Роднае слова».

Займаецца стылістыкай беларускай і рускай моў, лінгвістыкай публіцыстычнага тэксту, рыторыкай. Асноўныя працы: «Лінгвістычная арганізацыя тэксту. У творчай лабараторыі Уладзіміра Караткевіча» (2002), «Лінгвастылістыка тропаў Юрыя Казакова» (2002). Аўтар падручніка «Сучасная беларуская мова. Арфаграфія. Графіка. Лексікалогія (фразеалогія). Ч. 1» (2001), вучэбнага дапаможніка «Святло слова» (у сааўтарстве) (2002), праграм для студэнтаў факультэтаў журналістыкі ВНУ і інш.

КАЗЛОЎ Леў Раманавіч, беларускі гісторык, кнігавыдавец. Нарадзіўся 28 ліпеня 1938 г. у в. Літвінкі. Закончыў сярэднюю школу № 2 г. Кобрына (1956). У 1957—1960 гг. служыў у Савецкай арміі. У 1965 г. закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. У 1970 г. абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата гістарычных навук. З 1969 г. працаваў у Мінскім педагагічным інстытуце, з 1982 г. прафесар, дэкан Мінскага дзяржаўнага інстытута культуры, з 1991 г. працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР. З 1993 г. прэзідэнт фірмы «Арты-Фэкс», з 1995 г. галоўны рэдактар «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» (у 5 тамах), часопісаў «Падарожнік» і «Наш край». Асноўныя даследаванні ў галіне гістарычнай геаграфіі і картаграфіі Беларусі. Аўтар кніг «Дапаможныя гістарычныя дысцыпліны» (1980), «Кобрын: Гісторыка-эканамічны нарыс» (1987, разам з Н.М.Пліско), «Музей дасціпнасці» (3-е выд., 1989), «З дазволу караля і вялікага князя» (1992), «Беларусь на сямі рубяжах» (2000) і шматлікіх артыкулаў, навуковы кансультант Беларускай энцыклапедыі.

КАСТКО Уладзiмiр Сямёнавiч, кандыдат матэматычных навук, дацэнт Брэсцкага педагагiчнага унiверсiтэта. Нарадзіўся ў в. Яромічы.

КУЖЫР Павел Рыгоравіч, вучоны. Нарадзіўся ў 1946 г. у в. Батчы. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, загадчык кафедры фізікі Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі.

КУЗЬМIЧ Мiкалай Пятровiч, беларускі мастак, ювелір. Нарадзіўся 28 лістапада 1950 г. у в. Патрыкi. Закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава (1982). З 1983 г. удзельнік абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выстаў, міжнародных сімпозіумаў па эмалі ў Іспаніі, Латвіі і Літве. У 1993 — 1997 гг. узнаўляў страчаны ў час Вялікай Айчыннай вайны Крыж Ефрасінні Полацкай, аднавіў тэхніку перагародчатай эмалі ХII ст. Сумесна з дактарамі Расійскай акадэміі навук А.Аляксеевым і Т.Макаравай выдаў кнігу «Крыж — прыгажосць царквы» (аб крыжы Ефрасінні, яго гісторыі і тэхніцы ўзнаўлення). Член Беларускага саюза мастакоў з 1987 г. Працаваў мастаком на Брэсцкім камбінаце «Мастацтва», з 1998 г. мастак у Мiнскай епархii. Творы знаходзяцца ў музеях Масквы, Вільнюса, Клайпеды, Германіі, ЗША, Іспаніі і ў асабістых калекцыях. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1998 г. Узнагароджаны ордэнам Крыжа прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай (2002).

КУКІНА Раіса Мікалаеўна, вучоны. Нарадзілася ў 1948 г. у Кобрыне. Дацэнт Віцебскага тэхнічнага універсітэта.

КУПРЫЯНЮК Валянцiна Аляксееўна. Доктар эканамiчных навук. Нарадзілася ў в. Буховічы. Жыве і працуе ў Маскве.

КУРАШЫК Віталь Уладзіміравіч, дзяржаўны дзеяч. Нарадзіўся 8 мая 1939 г. у в. Дзівін. Пасля заканчэння ў 1960 г. Тарэзскага горнага тэхнікума Данецкай вобл. (Украіна) працаваў машыністам, горным майстрам шахты «Качагарка», тэхнолагам, галоўным тэхнолагам завода высакавольтнай апаратуры г. Канстанцінаўка. У 1974—1982 гг. другі, першы сакратар Канстанцінаўскага гаркома КПУ, у 1982—1985 гг. старшыня гарвыканкома г. Еўпаторыя (Крым). У 1985—1987 гг. загадчык аддзела Крымскага абкома КПУ, у 1987—1991 гг. намеснік старшыні, першы намеснік старшыні, старшыня Крымскага аблвыканкома. У 1991—1993 гг. Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Крым. З мая 1993 г. па 14 чэрвеня 2001 г. надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь ва Украіне.

ЛАЗОЎСКАЯ Тамара Іванаўна, артыстка Дзяржаўнага тэатра оперы i балета Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння сярэдняй школы працавала сакратаром у адной з брэсцкіх школ, спявала ў хоры настаўнікаў, потым у вакальным гуртку пры клубе работнікаў бытавога абслугоўвання. Пасля заканчэння музычнага вучылішча яе запрасілі ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета. Выканаўца оперных твораў, рамансаў, твораў беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў.

МАКАРУК Міхаіл Арсенцьевіч, вучоны. Нарадзіўся ў 1947 г. у в. Мацы. Кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

МАКАРУК Міхаіл Маркавіч, генерал-лейтэнант (2000). Кандыдат ваенных навук. Нарадзіўся 1 жніўня 1945 г. у в. Мацы. У 1963—1967 гг. курсант Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча. З 1967 г. па 1973 г. лётчык-інструктар, намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі вучэбнага палка Чарнігаўскага вучылішча, у 1973—1976 гг. слухач Ваенна-паветранай акадэміі імя Гагарына. З 1976 г. камандзір авіяцыйнай эскадрыллі, намеснік камандзіра авіяцыйнага палка, інспектар упраўлення ваенна-вучэбных устаноў ВПС. З 1978 г. памочнік ваеннага аташэ пры пасольствах СССР у Рэспубліцы Куба, Рэспубліцы Індыя, у 1989—1991 гг. ваенны, ваенна-марскі і ваенна-паветраны аташэ пры пасольстве СССР у Федэрацыі Малайзія. З 1991 г. памочнік галоўнакамандуючага ВПС, намеснік начальніка ўпраўлення ВПС Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. Ваенны, ваенна-паветраны і ваенна-марскі аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Іспаніі (1997—2000), з 2001 г. — у Рэспубліцы Куба.

МАРТЫНАЎ Аляксей Міхайлавіч, нарадзіўся 20 жніўня 1904 г. у Кобрыне. У 1911—1915 гг. вучыўся ў Кобрынскім прыходскім вучылішчы. У 1-ю сусветную вайну сям’я эвакуіравалася ў г. Рагачоў, дзе А.М.Мартынаў працягваў вучобу ў рэальным вучылішчы. Працаваў настаўнікам: у школе лікбезу (зіма 1920/21), у в. Мікалаеўка (сакавік 1921—май 1922). Пасля смерці бацькі ў 1922 г. сям’я вярнулася ў Кобрын. У 1922—1939 гг. быў чорнарабочым на сезонных работах і на лесазаводзе. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з 24.9.1939 г. прыцягнуты на працу ў Часовае ўпраўленне Кобрынскага павета для наладжвання работы пошты. 1 лістапада 1939 г. прызначаны загадчыкам гарадской бібліятэкі. У Вялікую Айчынную вайну быў сувязным партызанскага атрада імя Чапаева, выконваў разведвальныя заданні оперупаўнаважанага партызанскай брыгады імя Чапаева. Пасля вызвалення Кобрыншчыны ад акупантаў аднаўляў работу бібліятэкі. 4 жніўня 1946 г. прызначаны дырэктарам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава. Пад яго кіраўніцтвам музей стаў адным з лепшых у Беларусі, дзе сабраны унікальныя калекцыі зброі, нумізматыкі. А.М.Мартынаў удзельнічаў у грамадскім жыцці Кобрыншчыны: у 1960-я гады арганізаваў раённае аддзяленне Таварыства аховы прыроды, у 1966 г. — Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якое ўзначальваў да 1972 г. Вёў вялікую краязнаўчую работу. Быў ганаровым грамадзянінам Кобрына. Узнагароджаны медалём імя Н.К.Крупскай. Памёр 15.11.1999 г.

МІХАЙЛАЎ Павел Аляксандравіч, беларускі мовазнавец, педагог, спецыяліст у галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, анамастыкі, этналінгвістыкі, навуковай тэрміналогіі. Нарадзіўся 13 кастрычніка 1950 г. у в. Ушкавіца. Закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна (1975), аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1979). Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Лексіка беларускіх ганчароў» (1981).

Выкладаў беларускую, рускую мову і літаратуру ў Лелікаўскай сярэдняй школе (1975), працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам сектара дыялекталогіі (1976—1982), вучоным сакратаром (1982—1986), загадчыкам аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1986 — 1991); дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага (1991 — 1993). З 1993 г. загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта (БДПУ) імя Максіма Танка.

Аўтар больш за 140 навуковых і навукова-метадычных прац па разнастайных актуальных пытаннях сучаснай беларускай лінгвістычнай і метадычнай навукі. Вучоны сакратар савета па абароне дысертацый пры БДПУ імя Максіма Танка, член вучоных саветаў універсітэта і факультэта беларускай філалогіі і культуры, навуковы кансультант часопіса «Роднае слова». Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Прымаў удзел у падрыхтоўцы міжнародных навуковых праектаў: стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (1982 — 1991) і «Лінгвістычнага атласа Еўропы» (1976 — 1991). Аўтар шэрагу базавых і тыпавых праграм для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ Рэспублікі Беларусь, сааўтар прац: «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—1987), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—1986), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—1998), «Мікратапанімія Беларусі» (1974), «Лексічныя ландшафты Беларусі)» (1995), «Кароткі руска-беларускі тлумачальны слоўнік па агульнай біялогіі» (1994), «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас: Серыя лексіка-словаўтваральная» (вып. 3, 2000), «Беларуская мова: Дыктанты, пераказы, пераклады: 5 клас; 6 клас; 7 клас; 8 клас; 9 клас» (2002) і інш.

НАСТАСІЧ Георгій Міланавіч, палкоўнік. Нарадзіўся 29 снежня 1923 г. у г. Біеліна (Югаславія). З 1939 г. вучыўся ў політэхнічнай школе ў г. Нові-Сад. Пасля акупацыі Югаславіі войскамі гітлераўскай Германіі (1941) пайшоў у партызаны. З мая 1943 г. камісар роты Народна-вызваленчай арміі Югаславіі (НВАЮ). У студзені 1944 г. стаў камісарам штурманскай школы НВАЮ на вызваленай саюзнымі войскамі тэрыторыі Італіі, затым Егіпта. У лістападзе 1944 г. — снежні 1946 г. вучыўся ў Энгельскім ваенным авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў. Потым служыў у югаслаўскіх ВПС. У верасні 1948 г., у знак нязгоды з палітыкай І.Броз-Ціта, на бамбардзіроўшчыку Пе-2 пераляцеў на тэрыторыю СССР. Пасля заканчэння ў 1959 г. Ваенна-паветранай акадэміі камандаваў палком стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-16. У 1960 г. перайшоў на службу ў верталётную авіяцыю, у жніўні 1962 г. прызначаны камандзірам сфарміраванага ім 65-га асобнага верталётнага палка, які з 1964 г. базіраваўся ў Кобрыне. З 1970 г. у адстаўцы, жыў у Мінску. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, а таксама югаслаўскімі «За заслугі перад народам» II ступені i «За храбрасць». Памёр 21.2.1999 г. Імем Г.М.Настасіча названа вуліца ў Кобрыне.

НОВІК Мікалай Аляксеевіч, нарадзіўся 22 красавіка 1959 г. у в. Астромічы. У 1970—1976 гг. вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.В.Ахрэмчыка на мастацкім аддзяленні. У 1977—1979 гг. служыў у Савецкай арміі. У 1980—1986 гг. працаваў мастаком-графікам у газеце «Заполярная правда» (г. Нарыльск, Расія). У 1986—1991 гг. вучыўся на аддзяленні прамысловага дызайну Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мастацтваў). Член Саюза дызайнераў Беларусі (1991). Займаецца дызайнам асяроддзя, абсталявання, графічным дызайнам. Сярод асноўных работ — праекты школы мастацтваў саўгаса «Днепрабугскі» Кобрынскага р-на, абсталявання для вучэбнай майстэрні малюнка і жывапісу, дзіцячага паркавага атракцыёну. Працуе і як жывапісец у жанры пейзажу і нацюрморта. Блізкая мастаку тэма — сучасная беларуская вёска: побыт, уклад жыцця, вясковы ландшафт. Ён аўтар шматлікіх мастацкіх палотнаў, сярод якіх напісаныя ў 1983—1984 гг.: «Індустрыяльны пейзаж», «Жаркі» (нацюрморт), «Гарадскі пейзаж. Горад Нарыльск», «Дарога на Талнах», «Асенняя тундра», «Чырвоныя камяні», «Ваколіцы г. Нарыльска», «Возера Глыбокае», «Пасёлак Валёк», «Берагі р. Нарылкі», «Вечныя льды»; у 1992 г.: «Гарадскі пейзаж. Мінск», «Стары Кобрын», «Львоўскі дворык», «Рамонкі», «Вясковы пейзаж. Астромічы»; у 1993 г.: «Заснежаныя стрэхі», «Зімовая вёска», «Праснікі», «Гарадок. Талінскі матыў», «Кветкі», «Бэз»; у 1995 г.: «Вясковае жыццё», «Непагодлівы дзень»; у 1996 г.: «Студня», «Веснавыя праталіны», «Першы снег», «Марозны дзень», «Зімовы вечар», «Восень», «Пралеска», «Дарога ў Косава», «Вёсачка Красноўка». Працы М.А.Новіка знаходзяцца ў прыватных мастацкіх калекцыях у Англіі, Германіі, Канадзе, Польшчы, ЗША, Францыі і іншых краінах.

ПРЫМАЧУК Іван Платонавіч, вучоны. Нарадзіўся 25 мая 1936 г. у в. Мацы. Кандыдат гістарычных навук (1980), дацэнт (1986), прафесар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута (МГЭІ) (2001). У 1960 г. закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. Працаваў завучам Лужкаўскай школы Маладзечанскага р-на, выкладчыкам Мінскага індустрыяльнага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, інспектарам, начальнікам аддзела Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, дацэнтам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. З 2000 г. узначальвае кафедру сусветнай гісторыі МГЭІ. Аўтар больш чым 40 прац па гісторыі Беларусі. Адзін з аўтараў «Эканамічнай гісторыі Беларусі» (1983, 1996, 1999) і «Экономической истории зарубежных стран» (1996, 1998). Колам яго навуковых інтарэсаў з’яўляюцца міжнародныя сувязі Беларусі ў галіне адукацыі і навукі, станаўленне капіталістычных адносін на тэрыторыі Беларусі ў 2-й палове ХІХ — пачатку ХХ ст.

ПРЫМАЧУК Леанід Платонавіч, вучоны-матэматык. Нарадзіўся ў 1943 г. у в. Мацы. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1970), дацэнт (1980). У 1960 г. закончыў Стрыгаўскую сярэднюю школу і паступіў на матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1965 г. паступіў у аспірантуру БДУ. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі працаваў выкладчыкам, дацэнтам БДУ. У 1973—1976 гг. чытаў лекцыі ў Алжырскім універсітэце, у 1981 — 1984 гг. — ва універсітэце г. Уагадугу (Буркіна-Фасо). Больш за 10 гадоў працаваў дэканам механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Зараз дацэнт кафедры тэорыі функцый БДУ.

САЎЧУК Таццяна Мікалаеўна, вучоны. Нарадзілася ў 1970 г. у Кобрыне. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мінскага інстытута кіравання.

СВІДУНОВІЧ Аляксандр Фёдаравіч, кандыдат багаслоўя. Закончыў Дзівінскую школу (1956), Мінскую духоўную семінарыю (1960), Ленінградскую духоўную акадэмію (1964). Служыў у Смаленску (Расія), Днепрапятроўску (Украіна). З 1988 г. настаяцель Свята-Мікалаеўскага сабора, благачынны цэркваў г. Днепрадзяржынска (Украіна).

СВIДУНОВIЧ Мiкалай Аляксандравiч, беларускі вучоны ў галіне металургіі. Доктар тэхнічных навук (1980), прафесар (1982). Нарадзіўся 29 красавіка 1940 г. у в. Дзівін. Закончыў Беларускі політэхнічны універсітэт (1962). З 1968 г. працуе ў Беларускім тэхналагічным інстытуце (з 1980 г. загадчык кафедры металазнаўства). Навуковыя працы па даследаванні высокатэмпературных працэсаў у металургічнай вытворчасці. Распрацаваў тэхналагічныя асновы плазмафурменнага і дуплексплазменнага працэсаў у металургіі, новыя тэхналогіі выплаўкі зносаўстойлівых сталей і перапрацоўкі хромзмяшчальных адходаў.

СЕМЯНЮК Уладзімір Андрэевіч, беларускі філосаф. Доктар філасофскіх навук (1989), прафесар (1993). Нарадзіўся 16 ліпеня 1940 г. у в. Залессе. У 1958 г. закончыў Залескую сярэднюю школу і паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пасля заканчэння працаваў настаўнікам у Глыбоцкім раёне. У 1964—1967 гг. аспірант Інстытута філасофіі і права АН БССР, потым малодшы навуковы супрацоўнік гэтага ж інстытута. У 1969 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Хрысціянскае вучэнне аб сэнсе і мэце чалавечага жыцця». З 1968 г. дацэнт кафедры філасофіі Беларускага інстытута фізічнай культуры. У 1978—1981 гг. чытаў лекцыі ў Вышэйшай інжынернай школе г. Зялёна-Гура (Польшча). У 1989—1993 гг. дацэнт, прафесар кафедры сацыялогіі і медыцынскай этыкі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. З 1994 г. прафесар кафедры філасофіі Беларускай політэхнічнай акадэміі. Галоўныя навуковыя працы: «Хрысціянскі гуманізм» (1969), «Сіянізм у палітычнай стратэгіі імперыялізму» (1981), «Сучасны сіянізм: курсам палітычных і ваенных авантур» (1986) і інш.

СЕРАДОВІЧ Мікалай, спартсмен. Нарадзіўся ў 1984 г. Майстар спорту Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, прызёр юніёрскіх чэмпіянатаў свету ў 2001 г. (Германія), 2002 г. (Ямайка).

СІДАРУК Ігар Фёдаравіч. Нарадзіўся ў Кобрыне. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. З 1993 г. працуе ў Брэсцкім тэатры лялек. Першая п’еса І.Сідарука фарс-абсурд «Галава» была пастаўлена на «Вольнай сцэне» ў Мінску ў 1992 г. У тым жа годзе ў Мазырскім тэатры «Верасень» пастаўлена п’еса «Прыгоды Люстрынкі». Калядная гісторыя «Меч Анёла» была пастаўлена ў Брэсцкім тэатры лялек у 1992 г., а ў 1994 г. — у Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» (г. Маладзечна). У 1993 г. на брэсцкай лялечнай сцэне была пастаўлена п’еса «Янка Зух і нячысты дух», а ў 1994 г. — «Штукары». П’еса «Збавіцель», за якую аўтар атрымаў узнагароду на аглядзе творчай моладзі рэспублікі, была пастаўлена ў Брэсце ў 1996 г. Меладрама «Плач, саксафон» пастаўлена на «Вольнай сцэне» ў 1995 г. і на сцэне тэатра імя Я.Коласа ў Віцебску ў 1996 г. П’еса «Дрэва багоў» пачала сцэнічнае жыццё ў Брэсцкім тэатры лялек у 1996 г., а «Казка пра катка — залатога лабка» ажыла на сцэне Магілёўскага тэатра лялек. Уладальнік Гран-пры міжнароднага фестывалю «Белая вежа» ў Брэсце (2001) за спектакль «Залатая табакерка».

СІЗЮК Валерый Аляксеевіч, вучоны. Нарадзіўся ў 1966 г. у Кобрыне. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, старшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі.

СІНЧУК Іван Іванавіч, гісторык, нумізмат. Нарадзіўся 8 сакавіка 1956 г. у Кобрыне. Закончыў БДУ (1981). Спецыяльную падрыхтоўку атрымаў у аддзеле нумізматыкі Дзяржаўнага гістарычнага музея (г. Масква) у 1983 — 1984 гг. У 1985—1991 гг. вядучы археолаг НДІ «Белспецпраектрэстаўрацыя», у 1989 — 1991 гг. вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі НАН (аддзел феадалізму). З 1995 г. супрацоўнічае з Інстытутам археалогіі і этналогіі Польскай АН, вывучаў манетныя зборы ў музеях Польшчы. У 1995 — 1998 гг. выкладчык Беларускага універсітэта культуры, Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. З 1999 г. працуе ў Нацыянальным музеі Літвы. Выканаў індывідуальныя навукова-даследчыя праграмы «Тэхніка манетнай справы XVII ст.» і «Анамастыка беларускай эліты». Даследуе гісторыю грашовага абарачэння, тэхніку манетнай справы IX — XX ст., гісторыю матэрыяльнай культуры XVI — XX ст., праблемы этнічнай антрапанімікі Беларусі. Даследаваў архітэктурна-археалагічныя помнікі на тэрыторыі Мазыра, Магілёва, Мінска, Быхава, Нясвіжа, Кобрына, удзельнічаў у археалагічных экспедыцыях у Гродне, Мсціславе, Навагрудку. Аўтар каля 200 навуковых прац па нумізматыцы і археалогіі. Удзельнік шэрагу міжнародных канферэнцый. Спецыяліст па выкарыстанні матэматычных і фізіка-хімічных метадаў у гістарычных даследаваннях. Член Расійскай асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр», Беларускага нумізматычнага таварыства, Беларускага саюза журналістаў. У 2000 г. пераможца расійскага конкурсу на знак рубля (дызайн сімвала).

СМЯХОВІЧ Мікалай Уладзіміравіч, педагог. Нарадзіўся ў 1952 г. у в. Дзівін. Кандыдат гістарычных навук. Працаваў у Беларускім педагагічным універсітэце імя М.Танка. З 2002 г. дацэнт кафедры гуманітарных навук Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва.

СОЎПЕЛЬ Ігар Васільевіч, беларускі вучоны, спецыяліст у галіне інфарматыкі. Доктар тэхнічных навук (1991), прафесар (1994). Нарадзіўся 8 красавіка 1949 г. у в. Гарадзец. Закончыў матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1971). Працаваў у Інстытуце матэматыкі АН БССР. У 1976—1978 гг. аспірант кафедры матэматычнага забеспячэння аўтаматычнай сістэмы кіравання (АСК) БДУ. У 1980 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, з 1981 г. дацэнт. У 1991 г. абараніў доктарскую дысертацыю «Аўтаматызаваная перапрацоўка тэкста на аснове ўзнаўленчага мадэліравання лінгвістычных аб’ектаў і працэсаў». З 1997 г. загадчык кафедры матэматычнага забеспячэння АСК факультэта прыкладной матэматыкі БДУ. З’яўляецца навуковым кіраўніком лабараторыі інтэлектуальных інфармацыйных сістэм. Ён сфармуляваў і развіў канцэпцыю новага навуковага напрамку ў галіне штучнага інтэлекту — узнаўленчага мадэліравання лінгвістычных аб’ектаў і працэсаў. Яго навуковыя і прыкладныя інтарэсы цесна звязаны з праектаваннем, разработкай і ўкараненнем сістэм аўтаматычнай апрацоўкі тэкстаў, уключаючы сістэмы лінгвістычных баз ведаў, семантычнага аналізу тэкстаў, аўтаматычнага рэферыравання, машыннага перакладу, інтэлектуальных інтэрфейсаў карыстальніка, інжэнерыі ведаў, інтэлектуалізацыі інфармацыйных сістэм. З’яўляецца аўтарам шэрагу вынаходніцтваў у галіне штучнага інтэлекту, якія запатэнтаваны ў міжнародных патэнтных фондах. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны такія знакамітыя ў сучаснай інфарматыцы інтэлектуальныя інфармацыйныя сістэмы, як Cobrain, Knowledgist, Vedy, Goldfive Intelligence, а таксама шэраг сістэм у межах важнейшых рэспубліканскіх навукова-тэхнічных праграм, якія забяспечваюць і развіваюць камп’ютэрную форму існавання беларускай мовы. Ён з’яўляецца членам Навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 1999 г. узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».

ФАЛЬКОЎСКІ (сапраўднае — Ляўчук) Дзмітрый Нікіфаравіч, паэт. Нарадзіўся 3 лістапада 1898 г. у в. Вялікія Лепясы. Пачатковую адукацыю атрымаў у Кобрынскім гарадскім вучылішчы, а з 1912 г. вучыўся ў Брэсцкай гімназіі. Неўзабаве пачалася 1-я сусветная вайна, жыццё Дзмітрыя прыняло іншы характар. І хаця ён захапляўся чытаннем і пісаннем вершаў, абставіны дыктавалі неабходнасць рэвалюцыйнай барацьбы. У верасні 1918 г. ён становіцца адным з кіраўнікоў падпольнай ячэйкі РКП(б), а ў лістападзе — партызанскага атрада. Змагаючыся з інтэрвентамі, Дз.Ляўчук пераходзіць на нелегальнае становішча, а з прыходам у Кобрын Чырвонай арміі (20.7.1920) уваходзіць у склад павятовага аддзяленння губчэка. Але ў верасні 1920 г. разам з адступаючымі чырвонымі часцямі родныя мясціны пакінуў і Дзмітрый Ляўчук. У 1923 г. па стане здароўя яго камісавалі. З гэтага часу ён жыве ў Кіеве, дзе і пачынае прафесійна займацца паэзіяй, зрабіўшыся вядомым паэтам Фалькоўскім.

Канешне, бурлівыя рэвалюцыйныя гады будуць часцяком прарывацца ў яго вершах, але лепшае, што ён стварыў — гэта тонкія лірычныя творы. Многія з іх прысвечаны родным мясцінам і напісаны блізкай і зразумелай кабрынчанам мовай.

На жаль, хваля палітычных рэпрэсій не абмінула нашага паэта. 17 снежня 1934 г. яго не стала. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1957 г. У Лепясах ёсць вуліца Фалькоўскага, а на месцы, дзе некалі стаяла яго родная хата — мемарыяльны знак.

ФЕДАСЮК Аляксандра Іванаўна, дзяржаўны дзеяч. Нарадзілася 17 жніўня 1904 г. у в. Андронава. Закончыла школу партыйных кадраў КПЗБ у Мінску (1929), Камуністычны універсітэт нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве (1934). З 1926 г. член Кобрынскага падпольнага райкома, з 1928 г. член Брэсцкага падпольнага акруговага камітэта КПЗБ. У кастрычніку 1931 г. — сакавіку 1932 г. сакратар Навагрудскага акруговага камітэта КПЗБ. У 1929 — 1937 гг. сакратар ЦК КСМЗБ. З мая 1934 г. навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б. За рэвалюцыйную дзейнасць неаднаразова была зняволена польскімі ўладамі. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г. дэпутат Народнага сходу Заходняй Беларусі, член яго паўнамоцнай камісіі на сесіі Вярхоўнага Савета СССР. Са студзеня 1940 г. на савецкай рабоце. У Вялікую Айчынную вайну ў партызанах — сакратар Дзівінскага падпольнага райкома, член бюро Брэсцкага падпольнага абкома КП(б)Б. У 1944 — 1957 гг. сакратар Брэсцкага, Маладзечанскага гаркомаў КПБ, загадчык аддзела ЦК КПБ. Дэлегат I (1928), II (1935) з’ездаў КПЗБ, кангрэса КІМа (1933). Член ЦК КП(б)Б у 1949—1952 гг. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1946—1954 гг. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1940—1947 гг. Узнагароджана ордэнамі Леніна і Чырвонай Зоркі, медалямі. Памерла.

ЦІХАНАВА Марына Аркадзьеўна, спартсменка. Нарадзілася ў 1984 г. Майстар спорту Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. Прызёр чэмпіянатаў свету сярод юніёраў у 1999 г. (Польшча) і ў 2002 г. (Ямайка).

ЧАРОТА Іван Аляксеевіч, беларускі літаратуразнавец, перакладчык, крытык. Член Саюза пісьменнікаў СССР, Беларусі (1985), доктар філалагічных навук (1998), прафесар (1999). Нарадзіўся 16 верасня 1952 г. у в. Лышчыкі. Сярэднюю адукацыю атрымаў у СШ № 2 г. Кобрына.

З 1969 г. па 1974 г. вучыўся на аддзяленні рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пасля заканчэння яго працаваў настаўнікам у Паляцкішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна. З 1977 г. у Белдзяржуніверсітэце, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, апошнім часам загадвае кафедрай славянскіх літаратур. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у Ленінградзе ў 1987 г., доктарскую — «Беларуская літаратура XX стагоддзя і працэсы нацыянальнага самавызначэння» — у Мінску ў 1998 г. Кола навуковых інтарэсаў І.А.Чароты ўключае пытанні літаратуры і культуры славянскіх народаў. Вядучы югаславіст Беларусі. Больш за 10 гадоў узначальвае бюро секцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў Саюза беларускіх пісьменнікаў. Займаецца перакладам з сербскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай на сербскую. Актыўна выступае ў друку як літаратуразнавец, крытык, эсэіст, публіцыст. Аўтар звыш 250 навуковых, навукова-метадычных і літаратурных прац, сярод якіх «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988), «Савецкая літаратура ў сувязях і ўзаемадзеяннях. Пачаткі параўнальнага і сістэмнага аналізу» (1989) і інш. Аўтар «Анталогіі беларускай паэзіі», выдадзенай у 1993 г. у Югаславіі, укладальнік зборнікаў «Сербская паэзія» (1987) і «Сербская Праваслаўная Царква» (1998), выдадзеных у Мінску. Мае таксама больш за 600 друкаваных перакладаў. З’яўляецца сакратаром Біблейскай камісіі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы і выканаўчым рэдактарам часопіса «Праваслаўе». Член рэдкалегій 6 перыядычных выданняў (2 замежных), навуковы кансультант Беларускай энцыклапедыі. Лаўрэат міжнароднай прэміі імя К.Астрожскага (Польшча) за 1999 г., прэміі Саюза пісьменнікаў Сербіі за 2000 г. і інш. Узнагароджаны ордэнам Прападобнага Сергія Раданежскага (2002).

ШВАЙКО Валянціна Фёдараўна, вучоны. Нарадзілася ў 1948 г. у в. Астромічы. Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Нацыянальнага інстытута адукацыі.

ЯНЧУК Сцяпан Пятровiч. Нарадзіўся ў в. Мiнянка. Працаваў начальнікам фінансавага аддзела Пінскага райвыканкома, начальнікам Брэсцкага абласнога фінансавага ўпраўлення, намеснікам міністра фінансаў. У 1990 — 1994 г. мiнiстр фiнансаў Рэспублікі Беларусь.

Падрыхтавалі А.І.Валахановіч, М.В.Іванова, В.П.Лясун, Т.С.Назарук, Н.М.Пліско, І.П.Прымачук, І.Я.Швед, С.Юркевіч.