Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: 1941 - 1945

Барысаўка-1942. Гiсторыя трагедыi

Два ўзводы 9-й роты 15-га паліцэйскага палка. Матарызаваны жандармскі і танкавы ўзводы. Гэта - з аднаго боку. 3 другога ў тым страшным верасні 1942 года апынуліся жанчыны, дзеці, старыя. Мірныя сяляне вёсак Барысаўка, Боркі, Забалацце, Картэлісы, якія ўсё сваё жыццё толькі і рабілі, што працавалі на зямлі, гадавал! дзяцей. На мемарыяльных дошках каля абеліска ў вёсцы Барысаўка выбіта 191 прозвішча. Іх расстралялі ў час «уціхамірвальнай экспедыцыі», якую праводзілі фашысты ў рамках акцыі «Трохвугольнік», накіраванай на знішчэнне партызанскага руху. Жудасны разлік - не будзе насельніцтва, не будзе ні партызанаў, ні тых, хто аказвае ім дапамогу - выліўся ў крывавую трагедыю ...

Звыніксшай справаздачы нямецкіх войскаў па «экспедыцыі, праведзенай у Барысаўцы»: «... У ноч на 22 верасня 9-я рота здзейсніла марш з Дзівіна ў напрамку Барысаўкі. Да 4 гадзін раніцы вёска была абкружана двум а ўзводамі з поўначы і поўдня. Пасля праверкі насельніцтва пры садзейнічанні паліцыі бяспекі і СД 5 сем'яў было пераселена ў Дзівін. Астатнія былі расстраляны спецыяльна выдзеленай камандай і пахаваны за 500 метраў у паўночна-ўсходнім напрамку ад Барысаўкі. Пасля таго, як насельніцтва было знішчана, прачасалі ўсю мясцовасць - жывёла, прадукты і сельска-гаспадарчы інвентар былі сабраны ў адно месца і адпраўлены ў Дзівін...»

Калі чытаеш гэтыя радкі, міжволі становіцца жудасна. У скупых канцылярскіх абзацах з лёгкасцю гаворыцца пра загубленых людзей... А праз пару радкоў, быццам бы нічога і не здарылася, з нямецкай педантычнасцю перапічваецца спіс нарабаванага дабра - колькі адпраўлена кароў, мяшкоў збожжа... Такой вось простай і штодзённай справай здавалася для акупантаў «уціхамірванне» Бэрысаўкі - адной з многіх знішчаных разам з жыхарамі вёсак нашай краіны.

Для тых, хто знаходзіўся пад прыцэлам варожых аўтаматаў, карціна ўяўлялася зусім паіншаму. Сёння іх, перажыўшых той страшны дзень, засталося зусім нямнога. Нам пашчасціла застаць дома адну з дзвюх сясцёр Куліковіч, якія застапіся жыць - сёння яна Ганна Ба-кацюк. На момант трагедыі далёкага 1942-га ёй было 6 гадоў. Менавіта яе маці - Алена Кулiковіч - была адной з нямногiх, хто цудам выжыў у час расстрэлу, і менавіта на аснове яе фатаграфіі была зроблена скульптура, якая сёння ўвекавечвае памяць аб загінуўшых. Сёння Ганна Бакацюк са сваёй сястрой Кацярынай Заноўскай, якая з'яўляецца другой сведкай трагедыі, жывуцьу Барысаўцы на адной вуліцы...

- Памятаю, быў звычай-ны працоўны дзень, - расказвае Ганна Мікалаеўна. - Раптам па хатах пачалі стукаць - усім жыхарам трэба сабрацца на сход. Усе і пайшлі, а мы, малыя, засталіся - трэба было ж камусьці жывёліну пасці... А дзесыді пад вечар прыбягае суседка. І пытае, дзэ бацькі? Мы адказваем - дык на сход пайшлі... Суседка са збялелым тварам апусціла рукі. «На сход? Ох, дзетачкі, няма ў вас больш таты з мамай...»

Толькі праз дзень, -калі маленькая Ганна апынулася ў Дзівіне - забралі з сабою суседзі, тыя, хто ўцалеў - да яе дайшла радасная вестка - маці засталася жывой. А хутка вярнулася і сама Алена Куліковіч. Цяжка нават сабе ўявіць, праз што прайшлі гэтая жанчына і іншыя ... 3 успамінаў яе і іншых выжыўшых складваецца гісторыя кашмару, гісторыя смерці і зыратавання.

Усіх тых, хто прыйшоў «на сход», завялі на могілкі, прымусілі зняць воп-ратку, затым пазганялі ў хлеў. А потым пачалі выводзіць - партыямі па 7-8 чалавек ... Першых вывелі мужчын - як аказалася, капаць магілу. Іх расстралялі першымі - тут жа, каля свежай ямы, адзіночнымі стрэламі ў патыліцу. Усё было арганізавана з тыпова нямецкім педантызмам - адзін страляў, другі скідваў целы... Потым дайшла чарга да іншых. Пачуўшы першыя стрэлы, зняволеныя зразумел! - усё...

3 успамінаў Міхаіла Паўлючыка: «Да ямы мы ішлі праз калідор з фашысцкіх аўтаматчыкаў. Паставілі тварамі да ямы. Унізе - залітыя крывёю целы, яшчэ чутныя стогны жывых. Я стаяў недалёка ад жанчын з дзецьмі. Карнік -вялізны фашыст у гімнасцёрцы з закатанымі рукавамі - вырваў у адной дзіця, ударыў галавой аб зямлю і кінуў у яму... Хутка там апынулася і яго маці.

... Больш глядзець на ўвесь тэты ж ах я не мог. Лепш няхай заб'юць на бягу, чым вось так. І я пабег што было сілы - толькі б далей ад карнікаў, ад страшнай ма-гілы. Услед загрукацелі стрэлы, над галавой свісталі кулі. І раптам я спатыкнуўся і з усяго маху ўпаў на зямлю... Гэта і стала выратаваннем -фашысты, відаць, вырашылі, што пацэлілі - а ісці за трупам нейкага малога ніхто не палічыў патрэбным. У мяне ж хапіла розуму праляжаць так да цемнаты - а потым адпяўзці ў лес».

Міхаілу Паўлючыку падчас Барысаўскай трагедыі было ўсяго 12 гадоў. Ён -адзін з нямногіх, хто вырваўся з крывавага пекла. У кожнага з іх - свая гісторыя цудоўнага - інакш не скажаш - вызвалення.

Цудам выратавалася і сама Алена Куліковіч. Яна была ў ліку тых, каго фашысты збіраліся расстраляць напрыканцы, у апошняй партыі. Калі заставалася зусім мала людзей, жанчыны вырашылі паспытаць апошні шанц - і схаваліся ў сена, якога ў хляве было досыць. Пачынала змяркацца, фашысты зайшлі ў цёмны і з выгляду пусты хлеў, ткнулі пару разоў у сена штыкамі - на шчасце, нікога не знайшлі, із пачуццём споўненага абавязку разышліся.

Пасля таго, як у самой Барысаўцы ўсё было скончана, гітлераўцы пачалі «зачыстку» бліжэйшай мясцовасці. Справа ў тым, што акрэсліць межы Барысаўкі было не так проста - значная частка насельніцтва жыла на хутарах, раскіданых панаваколлю. Пра гэта сведчаць радкі з той самай нямецкай справаздачы: «Ход падзей паказаў, што сіл, накіраваных для правядзення акцыі ў вёсцы Барысаўка, па прычыне месца яе знаходжання, было недастаткова. Барысаўка прадстаўляё сабой цэнтр прыкладна з 20 двароў і вялікую колькасць пасяленняў (хутароў), якія знаходзяцца ў радыусе 5 кіламетраў ад цэнтра. Двары знаходзяцца на адлегласці 400 - 500 метраў адзін ад аднаго. Да таго ж населеная мясцовасць Барысаўкі перасякаецца лесам, што дадаткова ўскладніла пошукі хутароў...

Калі б не гэтыя абставіны, лічба загінуўшых у Барысаўцы магла б быць яшчэ большай. Сёння пра вынікі той «зачысткі» напамінаюць шэсць магіл побач з вёскай Пералессе - шасці сем'яў, якія змаглі знайсці акупанты. Адной з іх стала сям'я Пашковіч...

3 успамінаў Іпаліта Пашковіча: «У той страшны дзень я пайшоў у Дзівін. Калі вяртаўся, паліцай паведаміў, што на маім двары «навялі парадак». Зайшоў да хаты - ні жонкі, ні дзяцей, усё перавернута ... За метраў 300 ад хаты ў яме, напалову запоўненай вадой, знайшоў целы жонкі І дзяцей ... Залез у яму, дзе было па пояс вады з крывёю, і з дапамогай старога суседа пачаў выцягваць наверх целы - усяго іх было 11. Рабіў усё механічна - ні плакаць, ні крычаць ужо не мог...»

Помнiк ў весцы Барысаўка. Фота А. Шугая

Сёння ўсе гэтыя магілы ўтрымліваюцца ў належным стане - вёска ніколі не забудзе свой страшны боль. Нядаўна па ініцыятыве старшыні Осаўскага сельвыканкама Аляксандра Сергіевіча тут былі заліты новыя пліты, прыведзена ў парадак агароджа. Над магіламі і помнікамі нясуць шэфства Осаўская школа і сацыяльны прытулак, прыязджаюць сюды і валанцёры з Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта. А памяць пра той страшны верасень захоўваецца ў музеі сацыяльнага прытулка, створаным пры дапамозе Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава, мясцовага сельвыканкама і многіх іншых людзей, неабыякавых да гісторыі сваёй краіны. Асабістая роля ў стварэнні музея і гэтага матэрыяла належыць былому дырэктару Барысаўскай школы Ганне Смаржук - чалавеку, які ў свой час разам з усім сваім калектывам укладваў усю душу ў лошукавую работу Гэта жанчына можа шмат расказачь пра страшную трагедыю сваёй вёскі...

А ўсіх, хто сёння прыязджае ў Барысаўку, сустракае помнік - белая постаць жанчыны. Вечны напамін пра чорнае мінулае, якое не павінна паўтарыцца нідзе і ніколі...

Дзмітрый БЯЛОЎ