Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: 1945 - Дожинки

Дняпроўска-Бугскі канал

Пабудаваны ў 1775—1848 гг. Пасля заканчэння будаўніцтва канал уяўляў сабой неглыбокі роў шырынёй 20 локцяў (локаць - 58 см) і даўжынёй 56 вёрст, па якім з цяжкасцю маглі праходзіць невялікія судны. Доўгі час канал не меў нават дакладнай назвы. Яго называлі то Мухавецкім, то Каралеўскім, то Кобрынскім. Толькі 8 снежня 1846 г. з'явіўся ўказ аб найменаванні гэтага воднага шляху Дняпроўска-Бугскім каналам.

Ужо ў 1-й палове XIX ст. была звернута ўвага на немагчымасць выкарыстоўваць канал на працягу значнай часткі навігацыйнага перыяду з-за мелкаводдзя. У сувязі з гэтым у 1839 г. пачалося ўвядзенне шэрагу гідратэхнічных збудаванняў як у сістэме канала, так і яго водаправодаў — Белаазерскага, Арэхаўскага, Турскага. Работы былі закончаны ў 1846 г. Да гэтага часу агульная даўжыня канала дасягнула 76 вёрст пры шырыні па дне 10 м, на паверхні 40 м і 2-метровай глыбіні. На ўсім працягу былі пабудаваны 7 драўляных разборных плацін, а берагі месцамі ўмацаваны. Канал жывіўся вадой Арэхаўскага і Белага азёр пры дапамозе бакавых водаправодных каналаў даўжынёй 32 і 21 вярсты.

Мухавец, які цёк на захад у пясчаных і тарфяных берагах, быў выпрамлены ў 27 месцах на асабліва крутых выгінах. Для вяровачнай цягі суднаў правы бераг ракі быў таксама ўмацаваны. На Мухаўцы па-будаваны 9 разборных плацін і 1 на Бугу, ніжэй Брэста.

Удзельнікі аднаўлення кобрынскага ўчастка Дняпроўска-Бугскага канала. 1946 — 1947 гг.

Пра тое, якая вялікая колькасць рабочай сілы была затрачана на будаўніцтва і далейшую рэканструкцыю, можна меркаваць па тым, што на ўзвядзенне адной з 16 плацін патрабавалася 10 007 цесляроў і 6989 чорнарабочых. Будаўніцтва адной плаціны абышлося ў 5815 рублёў.

3 цягам часу ў сувязі з хуткім ростам чыгуначнай сеткі ў заходніх губернях на канал звярталася ўсё менш увагі. Грузавое суднаходства амаль не павялічвалася, затое ў значнай ступені вырас лесасплаў. У 1897 г. па канале прайшлі 407 невялікіх суднаў і 13 692 плыты.

У перыяд польскай акупацыі канал тэарэтычна лічыўся даступным для суднаў даўжынёй 50 м пры шырыні 14 м і асадцы 1 м. На самай справе судны нават меншых памераў з'яўляліся на паўзакінутым канале толькі ў паводку. Канал да таго заплываў зямлёй, што нават сплаў плытоў станавіўся амаль немагчымым.

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР паводле рашэння савецкага ўрада ў кароткі тэрмін быў распрацаваны праект рэканструкцыі канала з такім разлікам, каб асноўныя работы былі закончаны да пачатку навігацыі 1940 г. Пры дапамозе магутных машын было расшырана і паглыбле на існуючае рэчышча, а на адлегласці 22 км ад Кобрына да Выгады для выраўноўвання вялікага выгіну Мухаўца пракладзены новы адрэзак канала, які працягнуўся да ўсходніх ускраін Кобрына.

Нягледзячы на надзвычай суровую зіму 1940 г., работы вяліся бесперапынна. Дзякуючы гэтаму, у звышкароткі тэрмін на канале і Мухаўцы была створана вялікая колькасць сучасных гідравузлоў з плацінамі і вадаспускамі. Адначасова паспяхова была вырашана спрадвечная праблема недахопу вады ў засушлівы час года.

Далейшая нармальная праца на канале перарвалася 2-й сусветнай вайной. 3 самага пачатку акупацыі гітлераўцы шмат разоў спрабавалі аднавіць суднаходства, але беспаспяхова. Уздоўж канала дзейнічалі партызанскія атрады, якія тапілі фашысцкія судны. У час адной са спроб захапіць варожую баржу загінуў адзін з пачынальнікаў партызанскага руху на Кобрыншыне Мікалай Шыш. На берагах Днепра-Буга завязалася доўгая і ўпартая барацьба, якая скончылася поўнай перамогай народных мсціўцаў: на ўвесь час акупацыі канал быў надзейна «закансерваваны».

Перад сваім адступленнем гітлераўцы нанеслі няскоранаму каналу цяжкія ўдары: былі разбураны гідравузлы, а фарватэр загрувашчаны абломкамі мноства суднаў, якія патанулі. Спалены былі жылыя і службовыя пабудовы, разбураны дапаможны Белаазерскі канал.

Самаадданая праца ўчарашніх партизан, з якіх першапачаткова складаўся калектыў днепрабугцаў, дазволіла на працягу 1944-1946 гг. ліквідаваць усе нанесеныя вайной разбурэнні і ў далейшым рэканструяваць канал. Цяпер нават у самыя засушлівыя гады рэгулярнае суднаходства працягваецца ўвесь навігацыйны перыяд. Сённяшні канал праходзіць па тэрыторыі Кобрынскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Пінскага раёнаў. Пры агульнай яго даўжыні 196 км штучная частка складае 110 км.

A.M. Мартынаў

Комментарии